Блогеры пабудавалі вялікі і вельмі дарагі дом пад Мінскам, пражылі там усяго год і прадалі яго — здагадайцеся чаму
Беларусы Вадзім і Алеся — аўтары ютуб-канала Vadim Key, на які падпісана амаль 500 тысяч чалавек. Вялікую аўдыторыю каналу прынёс расказ пра тое, як пара будавала дом пад Мінскам па ўласным праекце — ад выбару ўчастка да наваселля. Людзі сачылі за рамонтам і пераездам сям’і амаль у жывым эфіры. Вясной 2020-га, праз год з моманту заліўкі фундамента, яны, нарэшце, туды засяліліся. Але пражылі там усяго год. Нядаўна Вадзім і Алеся прадалі свой дом-мару. У новым выпуску яны расказалі, чаму прынялі такое цяжкае рашэнне.
22.06.2024 / 00:16
Яшчэ вясной 2021-га сям’я абмяркоўвала будучыя градкі і пасадкі на ўчастку, як да іх прыехалі сілавікі.
«У іх быў свой план пасадак. Ім вельмі хацелася пабачыць наш дом», — жартуе Вадзім.
Скрыншот з відэа: момант прыезду сілавікоў да сям'і.
Пасля выбараў 2020-га пара не хавала сваёй пазіцыі, і за гэта ім адпомсцілі. Мужчыне прысудзілі 10 сутак, трымалі ў камеры з нечалавечнымі ўмовамі для палітычных. Забралі вінчэстары, карты памяці, ноўтбукі, тэлефоны — з улікам, што Вадзім займаецца здымкамі відэа, гаджэтаў у яго было шмат.
Ён прайшоў праз допыты і пагрозы, але выйшаў пасля адміністрацыйнага арышту на волю.
Ведаючы, што на гэтым справа можа не скончыцца, сям'я вырашыла часова пабыць за мяжой. Спачатку жылі ў Турцыі. Потым — ва Украіне: у Львове, Кіеве і Бучы — з’ехалі адтуль усяго за 1,5 месяца да вайны.
Калі да пачатку вайны ва Украіне яны яшчэ мелі надзею аднойчы вярнуцца, то потым асэнсавалі, што далей будзе толькі горш і прынялі рашэнне пераязджаць у Германію і там легалізоўвацца.
У пары — двое дзяцей і вялікі сабака Гендальф. Яго яны заводзілі ўжо ў пабудаваным доме, з разлікам на тое, што жывёле там будзе прасторна. Цяпер ён жыве з імі ў здымных кватэрах і вандруе па свеце.
Фота тут і далей: скрыншоты з ютуб-канала блогераў
Пара сама прыдумляла, якім будзе іх дом, зрабіла там шмат сваімі рукамі. Алеся — архітэктарка, таму кантралявала ўсе будаўнічыя і рамонтныя працэсы.
Яны запланавалі да дробязяў нават ландшафт каля хаты — аформіўшы там сваю ўласную міні-горку для катання зімой на санках. Менавіта таму яны доўга не хацелі ні здаваць, ні прадаваць свой дом.
Але нядаўна рашыліся на гэта — цяпер іх стварэнне знайшло новых гаспадароў у Беларусі.
«Мы зразумелі што 5, 10 год не будзем жыць у Беларусі. А проста трымаць дом, каб ён чакаў чагосьці — неразумна», — кажа Алеся.
«Хоць ён дарагі, але гэта дом, гэта толькі рэч. І каштоўнасць яго ў момантах, успамінах. А наша гісторыя працягваецца», — з сумам у вачах дадае Вадзім.
«У месяц выходзіць 2500 еўра». Лідар «Альтэрнатывы» цяпер жыве ў Бельгіі і працуе клінерам
Кватэру Цапкалаў купілі за амаль 400 тысяч рублёў
«Ледзь не памёр са страху». Айцішнік расказаў, як ездзіў у Беларусь прадаваць кватэру