Малдова ўступае ў перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз
Такі ўказ падпісала прэзідэнт краіны Мая Санду.
21.06.2024 / 13:41
Шарль Мішэль з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам Малдовы Маяй Санду ў Кіеве ў лістападзе 2023 года. Фота: Viktor Kovalchuk / Global Images Ukraine via Getty Images
Галоўным перагаворшчыкам ад Малдовы будзе віцэ-прэм'ер па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Крысціна Герасімава.
«Уступленне ў ЕС — гэта наш шлях да міру, росквіту і лепшага жыцця для ўсіх грамадзян. Жадаю нашай дэлегацыі поспехаў у афіцыйным пачатку перамоваў у Люксембургу на наступным тыдні», — напісала Санду ў X.
Перамовы аб уступленні Малдовы і Украіны ў Еўрасаюз пачнуцца 25 чэрвеня. Кішынёў падаў заяўку на ўступленне ў ЕС у сакавіку 2022 года.
Еўракамісія раней высока ацаніла прагрэс Малдовы і Украіны на шляху правядзення еўраінтэграцыйных рэформаў.
Пакуль апошняй краінай, прынятай у ЕС, з'яўляецца Харватыя — яна стала членам аб'яднання ў 2013 годзе. Перамовы аб уступленні Харватыі ў Еўрасаюз працягваліся больш за 10 гадоў.