У Зэльвенскім раёне падчас учарашняга ўрагану моцна пацярпела школа

Учора ў Зэльвенскім раёне быў моцны ўраган, падчас якога не абышлося нават без чалавечых ахвяр. Асноўны ўдар прыняла на сябе вёска Беражкі, але і ў іншых населеных пунктах было неспакойна. Так, у аграгарадку Галынкі даволі моцна пацярпела мясцовая школа, піша раённая газета «Праца».

20.06.2024 / 18:49

«У Галынкаўскай школе моцна пашкоджаны дах. Пацярпелі і іншыя аб'екты інфраструктуры — царква, амбулаторыя, крама «Родны кут». Ураган не абышоў бокам і вёску Старое Сяло. Страты нанесеныя і сельскагаспадарчым аб'ектам — у першую чаргу фермам», — расказаў кіраўнік Галынкаўскага сельсавета Дзмітрый Сухалет.

Школа сапраўды пацярпела моцна. Частку даху знесла ад моцнага ветру, а паверхі затапіла падчас залевы. У выніку — разбураная столь, падцёкі на сценах і папсаваная падлога.

«Моцныя парывы ветру разбілі шыбы і сарвалі шыфер. Адпаведна — пацякло ўсё. Работнікі школы аператыўна накрылі плёнкай мэблю і тэхніку, асобныя прадметы ўжо вынеслі ў больш бяспечнае месца. Цяпер стараемся сваімі сіламі ліквідаваць наступствы стыхіі. Будынак абясточаны. Для дзяцей, якія адпачываюць у прышкольным лагеры, арганізавалі цэнтралізаваны падвоз у суседнюю — Дзярэчынскую школу», — расказала дырэктарка школы Ніна Самойлава.

Аднаўленчыя работы ў школе, як і ў цэлым па Галынкаўскім сельсавеце, як паведамляецца, ужо пачаліся.

У Зэльвенскім раёне паваленае ветрам дрэва забіла жанчыну

Мінск сёння зноў трапіў пад моцную залеву ФОТЫ і ВІДЭА

З-за непагадзі цягнікі ў Беларусі ідуць з адхіленнем ад графіку

Nashaniva.com