У забітай у Германіі экс-суддзі з Казахстана выявілі нажавыя раненні рук, шыі і твару

40-гадовая Айгуль Сайлыбаева вучылася ў Шэфілдзе (Англія), а затым працавала суддзёй у Астане. У апошнія гады яна жыла з мужам, дачкой і свякроўю ў горадзе Бенсхайм на захадзе Германіі, піша Bild.

20.06.2024 / 14:48

Фота: тг Bild

Раніцай 4 чэрвеня Сайлыбаева адвяла двухгадовую дачку Жаклін у дзіцячы сад. З таго часу маці ніхто не бачыў. У нядзелю яе цела знайшлі на ўскраіне горада ў пластыкавым мяшку.

Па дадзеных Bild, у забітай выявілі нажавыя раненні на руках, шыі і твары.

«Мы мяркуем, што адбылася бойка, што на жанчыну напалі і яна, мусіць, адчайна абаранялася», — распавёў следчы. Што праўда, пакуль няма ніводнага падазраванага.

Адначасова з Сайлыбаевай знікла яе 49-гадовая свякроў Наталля Данцова з Расіі. 4 чэрвеня яна забрала ўнучку з дзіцячага садка і прывяла дадому. З таго часу бабулю не бачылі.

Цяпер юная Жаклін знаходзіцца з бацькам. У Германію з Казахстана прыехаў 35-гадовы брат загінулай Канат Сайлыбаеў. Ён распавёў, што жадае пахаваць сястру на радзіме.

 «У нас была вельмі цесная сувязь, — распавёў Канат. — Мы хваляваліся. Гэта было зусім не ў характары Айгуль. Звычайна яна адказвала на паведамленні на працягу пяці хвілін. Нашыя бацькі размаўлялі з ёй па тэлефоне кожны дзень, апошні раз 3 чэрвеня. Ужо 5 чэрвеня мы паведамілі ў паліцыю. <…>

Айгуль была вельмі адкрытым і спагадным чалавекам. Яна любіла сваю дачку больш за ўсё на свеце і была любячай маці. Спадзяюся, той, хто вінаваты ў смерці Айгуль, панясе справядлівае пакаранне і справядлівасць пераможа», — сказаў ён.

Nashaniva.com