Сёння наступае астранамічнае лета. Ноч на пятніцу будзе самай кароткай у годзе
У Мінску сонца ўзышло ў 04:37, а сядзе толькі ў 21:45. Даўжыня дня складзе 17 гадзін 7 хвілін, а ноч будзе доўжыцца ўсяго 6 гадзін 53 хвіліны.
20.06.2024 / 08:21
Узыход на Вялляй. Наша Ніва
Але чым бліжэй на поўнач, тым дзень даўжэйшы, а ноч карацейшая.
Так у Віцебску сонца ўзышло ў 04:18, а сядзе ў 21:43, даўжыня складзе 17 гадзін 25 хвілін.
У Таліне наогул сонца, узышоўшы ў 04:03, сядзе ў 22:42, даўжыня дня сёння ў сталіцы Эстоніі складзе 18 гадзін 39 хвілін.
У фінскім Турку даўжыня дня будзе 19 гадзін 3 хвіліны, а ў Раваніемі — рэзідэнцыі Святога Мікалая — наогул наступіў палярны дзень.
Сёлета наступленне астранамічнага лета і ранняга сонцастаяння звязана са складаным узаемадзеяннем паміж арбітамі Зямлі і Сонца, а таксама асаблівасцямі каляндарнага летазлічэння. Вядома, што штогадовы зварот Зямлі вакол Сонца не дакладна роўны 365 дням. Ён займае 365,242189 дзён. Каб улічыць гэтую розніцу, у календары ўведзены высакосныя гады.
У звычайным годзе 365 дзён, і кожны год сонцастаяння і раўнадзенства наступаюць крыху пазней, чым у папярэднія гады. У высакосным годзе 366 дзён. Даты сонцастаянняў і раўнадзенстваў сёлета наступаюць на 18 гадзін, 11 хвілін і 14,87 секунды раней, чым годам раней.
З-за непагадзі цягнікі ў Беларусі ідуць з адхіленнем ад графіку
У наступныя дні стане яшчэ цяплей, чакаюцца моцныя дажджы і навальніцы
Якім будзе надвор'е гэтым летам?