Дзеці купаліся і знайшлі боепрыпасы. Адзін з іх прыцягнуў улоў у школу
У міліцыю звярнулася жыхарка Баранавіч: яна знайшла ў свайго сына патроны, якія той насіў у школу.
19.06.2024 / 11:51
Высветлілася, што аналагічны арсенал быў яшчэ ў некалькіх хлопцаў. Хлопчыкі сябравалі і разам бавілі час. Як боепрыпасы трапілі да дзяцей, распавяла Таццяна Каток, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці, піша blizko.by.
Прыяцелі растлумачылі, што знайшлі патроны на дне штучнага вадаёма ў Ляхавіцкім раёне і вырашылі забраць «улоў». Праваахоўнікі агледзелі ўчастак, дзе адпачывалі дзеці, і паднялі са дна яшчэ два дзясяткі боепрыпасаў. Іх адправілі на балістычную экспертызу.
Эксперт даследаваў 105 патронаў і прыйшоў да высновы, што ўсе яны выраблены завадскім спосабам і з'яўляюцца боепрыпасамі да наразной агнястрэльнай зброі, 103 з іх усё яшчэ прыдатныя для стральбы.
Па гэтым факце праводзіцца праверка.
Таццяна Каток нагадала, як варта паступаць з такімі знаходкамі. Правіла ўсяго адно: калі вы выявілі боепрыпасы або канструктыўна падобныя да іх прадметы, трэба неадкладна паведаміць у міліцыю. Чапаць і забіраць дадому такія рэчы не варта.