«Вайна паказала, што на баку Захаду стаіць меншасць. А Арменію Расія так проста не пакіне»

Як вайна Расіі з Украінай змяніла расклад сіл у свеце? І што чакае Арменію і Грузію?

19.06.2024 / 18:25

Інаўгурацыя Пуціна. Фота: Sergei Bobylev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

У новым выпуску ТОКу гісторык і аналітык Аляксандр Фрыдман разважае: вайна Расіі з Украінай паказала, што на баку Захаду стаіць меншасць.

«Украіну зброяй і эканамічна падтрымліваюць заходнія краіны. Дыпламатычна — заходнія краіны і тыя краіны, якія стаяць хутчэй на баку Захаду. Калі ж паглядзець на астатні свет, то значная колькасць афрыканскіх і азіяцкіх краін глядзяць на гэту вайну абсалютна спакойна і ставяцца да Расіі нейтральна. І нават у пэўным сэнсе пазітыўна.

Вайна паказала, што дэмакратычных краін у гэтым свеце не так шмат і што іх уплыў абмежаваны. На дадзены момант на галоўныя пазіцыі ўсё больш выходзяць так званыя краіны глабальнага Поўдня, якія дынамічна развіваюцца. І яны ў сваёй большасці зусім не дэмакратычныя. Так што лёс дэмакратыі ў будучыні, магчыма, незайздросны», — тлумачыць аналітык.

Аляксандр Фрыдман. Фота: «Наша Ніва»

Што чакае Арменію

На думку Фрыдмана, Арменію чакаюць цяжкія часы. Удзел краіны ў прарасійскіх інтэграцыйных праектах быў хутчэй вымушаным крокам у спадзяванні на падтрымку Расіі. Цяпер краіна будзе спрабаваць рухацца ў заходнім напрамку, бо відавочна, што Расія здрадзіла Арменіі ў яе канфлікце з Азербайджанам.

«Але Расія так проста гэтую сітуацыю не пакіне. Яна будзе імкнуцца да таго, каб зваліць Пашыняна і ўсё ж такі прывесці ў Арменіі да ўлады прарасійскія сілы», — адзначае Фрыдман.

Што будзе з Грузіяй

Грузія страчвае еўрапейскую опцыю, звяртае ўвагу аналітык. Сённяшнія грузінскія ўлады «знішчаюць заходні вектар развіцця». Калі яны працягнуць ісці ў гэтым кірунку, то Грузія будзе ўсё больш рабіцца прарасійскай.

«Гэта будзе прыводзіць да ўнутрыпалітычных турбуленцый, бо грузінскаму грамадству, асабліва моладзі, якая вырасла пад значным заходнім уплывам, будзе цяжка пагадзіцца з гэтым новым вектарам развіцця», — прагназуе Фрыдман.

Ён лічыць цалкам магчымай версію, што Масква паабяцала Грузіі нешта кшталту вяртання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі за больш прарасійскі вектар. «Абяцаць яны маглі. Абяцаць не азначае выконваць», — заўважае гісторык.

Глядзіце цалкам:

Фрыдман назваў чалавека з апазіцыі, з якім Лукашэнка мог бы гаварыць. Гэта Пазняк

Ці можа Масква замяніць Лукашэнку?

Наколькі імаверныя Трэцяя сусветная вайна і ядзерны ўдар? Ацэнка Фрыдмана

Nashaniva.com