Турысты на польска-беларускай мяжы сталі атрымліваць трывожныя эсэмэскі. Ці варта панікаваць?

Ужо некалькі дзён запар людзі, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу, атрымліваюць вельмі дзіўныя эсэмэскі, якія ўводзяць многіх як мінімум у ступар, а найбольш уразлівых могуць і прымусіць панікаваць. У чым тут справа, высветліла выданне CityDog.io.

18.06.2024 / 17:51

Цягам некалькіх апошніх дзён людзям, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу, прыходзяць СМС-паведамленні на англійскай мове наступнага зместу:

«Папярэджанне! ЗАБАРОНА на знаходжанне на тэрыторыі Польшчы паблізу мяжы з Беларуссю. Несанкцыянаванае перасячэнне забаронена. Салдаты могуць выкарыстоўваць зброю. Неадкладна вяртайцеся!»

Аўтар гэтага паведамлення — RCB, гэта значыць Урадавы цэнтр бяспекі Польшчы.

Як высветлілася, СМС атрымліваюць і беларусы, і палякі, і іншыя іншаземцы, якія перасеклі мяжу. У інтэрв'ю польскаму Radio Zet прадпрымальнікі з польскай Белавежы расказалі, што літоўскія і аўстралійскія турысты, якія атрымалі такія паведамленні ў мясцовых аграсядзібах, ужо ў страху сталі пакаваць валізкі.

Аднак жа насамрэч гэтыя пагрозы тычацца толькі нелегальных мігрантаў, якія ў апошнія некалькі месяцаў зноў сталі масава і даволі агрэсіўна атакаваць польскую мяжу, што прывяло нават да смерці польскага памежніка. Таму ўрад Польшчы цяпер і робіць усё магчымае, каб адбіць у нелегалаў ахвоту спрабаваць перасякаць мяжу. У тым ліку і стварылі адмысловую буферную зону, у якой нельга знаходзіцца без спецыяльнай рэгістрацыі.

«У зону забароны, як правіла, не ўваходзяць населеныя пункты і турыстычныя маршруты, каб наступствы ўведзеных абмежаванняў былі як мага менш цяжкімі для жыхароў, турыстаў або іншых суб'ектаў, якія ажыццяўляюць прафесійную дзейнасць», — гаворыцца ў камюніке Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

У эсэмэсках пра гэта не пішуць у першую чаргу з-за абмежаванні ў сімвалах. Як растлумачылі карэспандэнту Radio ZET у RCB, 160 сімвалаў — гэта занадта мала для таго, каб растлумачыць сітуацыю і папярэдзіць нелегалаў.

Таму RCB мяняць змест паведамлення не плануе, а таму на працягу наступных 90 дзён яно будзе адпраўляцца на тэлефоны пасля кожнага ўезду ў памежную зону.

Беларус стварыў цішоткі з прынтом пра Асмалоўку. Іх ужо можна замовіць

Клас! На YouTube выйшаў новы мульцік пра беларускую вёску і вывучэнне мовы

Nashaniva.com