Чаму Пашынян стаў рэзка крытыкаваць Лукашэнку?

Армянскі эксперт патлумачыў акалічнасці беларуска-армянскіх адносін.

17.06.2024 / 19:18

Нікол Пашынян і Аляксандр Лукашэнка. Калаж: Armenpress

Нядаўна прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль ва ўладзе там будзе Лукашэнка. А таксама што Ерэван можа выйсці з АДКБ, але гатовы памяняць сваё стаўленне да саюза, калі Лукашэнка выбачыцца перад Арменіяй ці Беларусь выйдзе з АДКБ

Эксперт Армянскага інстытута міжнародных адносін і бяспекі Рубэн Меграбян у эфіры «Еўрарадыё» адзначае, што напружанасць у адносінах вырасла пасля афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Азербайджан у маі.

У яго ходзе палітык зрабіў шэраг дастаткова праблематычных заяваў. Напрыклад, што яшчэ да пачатку ваеннага канфлікту ён лічыў, што праўда на баку Азербайджана.

Рубэн Меграбян. Скрын відэа: EuroradioLive / YouTube

«Гэта выклікала пытанні. Фармальны саюзнік Арменіі, аказваецца, яшчэ да вайны прымаў удзел у дыскусіях аб мэтазгоднасці пачатку вайны і пры гэтым яе ўхваляў», — тлумачыць эксперт.

Як заўважае Меграбян, свае заявы Лукашэнка агучвае, бо ёсць «адмашка ад Пуціна». Таму Ерэван выказвае свае прэтэнзіі не канкрэтна Лукашэнку, а АДКБ.

«Крызіс з Лукашэнкам — гэта сімптом крызісу з АДКБ», — заўважае Меграбян.

У выніку, як вядома, Арменія і Беларусь адклікалі сваіх паслоў для кансультацый. Як адзначае эксперт, гэта прыводзіць не проста да паніжэння ўзроўню афіцыйных адносін, але і да таго, што Арменія лічыць Беларусь несяброўскай краінай.

«Рэжым Лукашэнкі адказвае нам узаемнасцю. Гэта будзе працягвацца да той пары, пакуль, як той казаў, ці падзе ішак, ці памрэ падзішах», — іранізуе Меграбян.

Ці магчыма ў такіх умовах афіцыйнае запрашэнне ў Арменію Святланы Ціханоўскай? Эксперт заўважае, што гэта рашэнне застаецца за ўрадам краіны, а сам ён лічыць, што такі крок павінен быць зроблены:

«Гэта пытанне мае як палітычнае, так і маральнае значэнне. І мне бачыцца гэта ў інтарэсах Арменіі ў плане яе пазіцыянавання на міжнароднай арэне. (…)

Падтрымка дэмакратычнага лідара Беларусі, краіны, якая з'яўляецца важнай часткай еўрапейскай постсавецкай прасторы, але штучна адхілена ад усіх працэсаў еўраінтэграцыі, неабходна для рэнамэ дэмакратычнага лідара Арменіі».

Меграбян адзначыў, што пасля сустрэч вышэйшага кіраўніцтва Арменіі са Святланай Ціханоўскай на міжнародных пляцоўках Арменія вырашыла, што будзе адказваць адмоваю на запыты беларускіх уладаў праз Інтэрпал ці іншыя міжнародныя праваахоўныя структуры аб выдачы людзей.

Арменія выйдзе з АДКБ

Пашынян: Я не наведаю Беларусь, пакуль прэзідэнтам будзе Лукашэнка

Беларускія дзяржаўныя СМІ не называюць Карабах Карабахам

У МЗС Арменіі сказалі, што Пашыняна не так зразумелі

Nashaniva.com