У Германіі забілі былую суддзю з Казахстана. Яе свякроў з Расіі знікла без вестак

У нядзелю цела Айгуль Сайлыбаевай знайшлі ў кар'еры на ўскраіне Бейнсхайма.

17.06.2024 / 15:04

Bild

40-гадовая Айгуль Сайлыбаева працавала суддзёй у Астане, але апошнім часам жыла з мужам, дачкой і свякроўю ў горадзе Бенсхайм на захадзе Германіі, піша Bild.

Раніцай 4 чэрвеня Сайлыбаева адвяла дачку ў дзіцячы садок. З таго часу яе ніхто не бачыў. У нядзелю яе цела знайшлі ў кар'еры на ўскраіне горада. Па даных Bild, труп быў у пластыкавым мяшку, перад смерцю жанчына падвергнулася гвалту.

Над разгадкай забойства працуюць 35 следчых. У доме жанчыны прайшлі ператрусы.

Адначасова з Сайлыбаевай знікла яе 49-гадовая свякроў Наталля Данцова. Вядома, што 4 чэрвеня яна забрала ўнучку з дзіцячага садка і прывяла дадому. З таго часу бабулю не бачылі.

Па дадзеных BILD, само дзіця цэлае, яе перадалі на апеку сваякам. У Германію з Казахстана прыбылі маці і брат Сайлыбаевай, паведамілі сёння ў МЗС Казахстана.

Брат расказаў, што сястра скардзілася на хатні гвалт. Цяпер працягваюцца пошукі Данцовай і ўстанаўліваецца сувязь паміж двума знікненнямі.

Nashaniva.com