Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча перавялі ў ПКТ на паўгода

«Але Стэфановіч — моцны духам чалавек, трымаецца», — кажа яго сябра.

17.06.2024 / 13:49

Праваабаронца «Вясны» палітвязень Валянцін Стэфановіч на 6 месяцаў пераведзены ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), якое ўмовамі ўтрымання нагадвае крытую турму

Пра гэта расказаў Радыё Свабода пасля спаткання сваяк аднаго з вязняў папраўчай калоніі № 15, які ў мэтах бяспекі прасіў не называць яго.

Паводле крыніцы Свабоды, на Валянціна Стэфановіча аказваюць пастаянны ціск:

«Сядзіць у ПКТ ужо некалькі месяцаў, але і адтуль яго рэгулярна саджаюць у ШЫЗА. Бывае, што і больш як на адзін дзесяцідзённы тэрмін. Але Стэфановіч — моцны духам чалавек, трымаецца».

Валянціну Стэфановічу 52 гады, яго асудзілі на 9 гадоў зняволення. Раней было вядома, што праваабаронца працаваў на шкоднай для здароўя вытворчасці — ачыстцы ад ізаляцыі дратоў для атрымання з іх каляровых металаў.

Усяго ў калоніі № 15, якая знаходзіцца на ўскраіне Магілёва, больш за 2 тысячы вязняў; вядома, што з іх больш за 100 — палітычныя.

Зноў выставілі на таргі нерухомасць праваабаронца Стэфановіча

Жонка Алеся Бяляцкага паведаміла пра пагаршэнне ягонага здароўя ў турме

Леанід Судаленка: Што мы будзем рабіць, калі аднойчы раніцай даведаемся, што нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі памёр у турме?

Nashaniva.com