У Нідэрландах затрымалі беларуса, які з нажом накінуўся на людзей

Ён паспеў параніць траіх мужчын.

16.06.2024 / 18:02

Фота: rtvoost.nl

44-гадовы грамадзянін Беларусі затрыманы ў Нідэрландах па падазрэнні ў нанясенні нажавых раненняў траім мужчынам, паведамляе партал rtvoost.nl.

Паводле інфармацыі выдання, інцыдэнт адбыўся ў горадзе Дэвентэр.

Адзначаецца, што ў памяшканні транспартнай кампаніі пачалася бойка, падчас якой адзін з удзельнікаў «схапіў нож і размахваў ім».

Сярод пацярпелых двое замежнікаў 46 і 38 гадоў, а таксама 43-гадовы мясцовы жыхар. Падкрэсліваецца, што яны атрымалі лёгкія раненні, але былі шпіталізаваныя.

Падазраваны беларус уцёк з месца здарэння, яго затрымалі ўвечары 16 чэрвеня.

Праводзіцца расследаванне, паліцыяй апытаныя сведкі і прагледжаныя запісы камер.

Nashaniva.com