Санкцыі супраць Маскоўскай біржы ўдараць па беларускім экспарце
Сёння каля 70% беларускага экспарту арыентавана на Расію. З якімі выклікамі сутыкнецца эканоміка Беларусі ад спынення таргоў у Маскве, распавяла ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» эканамістка Аліса Рыжычэнка.
16.06.2024 / 17:51
Праз уведзеныя санкцыі на Маскоўскай біржы нельга цяпер гандляваць ні доларамі, ні еўра. Расійскі Цэнтрабанк будзе вызначаць валютны курс па выніках пазабіржавых таргоў.
Як спыненне таргоў на Маскоўскай біржы можа паўплываць на эканоміку Беларусі?
«Вядома, на першы погляд, здавалася б, гаворка ідзе пра механізмы фармавання курса непасрэдна ў Расіі, і гэта ніяк не тычыцца Беларусі. Але ў той жа час гэта сур'ёзны ўдар па валютным рынку Расіі, і тут ёсць шэраг наступстваў, якія вынікаюць, якія ў далейшым могуць паўплываць і на эканоміку Беларусі», — адзначае эканамістка.
Тое, што санкцыі забараняюць любы гандаль еўра і доларам, як і любыя аперацыі з удзелам валюты на Маскоўскай біржы, наносіць удар не толькі па самой біржы і яе прыбытковай частцы, але і аказвае ціск на акцыі прадпрыемстваў, якія прадаюцца на гэтай біржы, тлумачыць эканаміст.
«І фактычна курс цяпер у Расіі будзе фарміравацца, як у 90-я гады. Гэта значыць гандаль валютай будзе адбывацца на міжбанкаўскім узроўні, трэйдары будуць вусна паведамляць адзін аднаму з дапамогай месэнджараў або тэлефонных званкоў аб здзелках і на падставе справаздачнасці банкаў Цэнтрабанк Расіі будзе фарміраваць курс.
Усё гэта цягне за сабой дастаткова вялікія затрымкі па фарміраванні курсу. І гэта якраз можа прывесці да таго, што Цэнтрабанку давядзецца праводзіць валютныя інтэрвенцыі, таму што павялічваецца розніца паміж продажам і купляй валюты», — адзначае Аліса Рыжычэнка.
Між тым прамога ўплыву на беларускі курс гэта, на думку эксперта, не зробіць. А калі і акажа, то ў вельмі малых працэнтных суадносінах.
«Іншае пытанне, што такія санкцыі на галоўныя фінансавыя інструменты ў Расіі могуць прывесці да таго, што расійская эканоміка будзе скарачацца, акцыі прадпрыемстваў падаць, будуць скарачацца інвестыцыі ў гэтыя прадпрыемствы. Усё гэта, у сукупнасці з нявызначанасцю, будзе скарачаць колькасць інвестыцый і прыток валюты ў краіну. Прычым прыток любой замежнай валюты, не толькі долара і еўра», — тлумачыць эканамістка.
І гэта ў сваю чаргу можа паўплываць на беларускі экспарт, таму што зараз беларуская эканоміка, і ў тым ліку каля 70% экспарту, завязаныя на Расію.
Эканамістка нагадвае, што па выніку першых чатырох месяцаў знешні гандаль таварамі і паслугамі ў Беларусі спрацаваў у мінус.
«І вось якраз гэта можа прывесці да зменаў у горшы бок і да абясцэньвання беларускага рубля. Таму што, калі ў нас фарміруецца адмоўнае сальда знешняга гандлю, то бок мы прадаём менш, чым закупляем, адпаведна, прыток валюты ў нас меншая, чым патрэбнасць у ім на рынку», — тлумачыць Рыжычэнка.
І гэта, вядома ж, ужо аказвае негатыўны ўплыў на курс нацыянальнай валюты. Вось гэты фактар нашмат больш важны і значны для беларускага валютнага рынку, чым самі гэтыя санкцыі.
Да амерыканскіх санкцый супраць Маскоўскай біржы далучылася Вялікабрытанія
Што будзе з далярам у Беларусі пасля новых санкцый Мінфіна ЗША супраць Маскоўскай біржы
Расійскі рубель падае да долара пасля ўвядзення новых санкцый ЗША