Латушка пра разборкі ў КР: «Ягораў паставіў ультыматум: альбо мы з яго блокам, або яны будуць нас атакаваць»

Павел Латушка пракаментаваў «Нашай Ніве» разборкі ў Каардынацыйнай радзе. Нагадаем: яго фракцыю абвінавацілі ў спробе змяніць правілы гульні, а канкрэтна — змяніць статут КР.

16.06.2024 / 16:06

Палітык не лічыць, што адбываецца нешта незвычайнае, бо для дэмакратычных інстытуцый дыскусіі — гэта нармальныя палітычныя працэсы. Менавіта праз гэта цяпер праходзіць Каардынацыйная рада.

— Мне згадваецца канферэнцыя, калі выступалі ўсе лідары спісаў. Тады практычная большасць сказала: «Для нас галоўным будзе перагледзець рэгламент Каардынацыйнай рады». Дарэчы, мы адзіныя, хто ставіў у якасці прыярытэту не гэтае пытанне, а прыняцце канкрэтных рашэнняў. Напрыклад, спрашчэнне візавых працэдур.

Латушка тлумачыць: папярэдні рэгламент быў распрацаваны пад патрэбы Каардынацыйнай рады другога склікання, якая фарміравалася зусім іншым шляхам, калі ад розных арганізацый вылучаліся прадстаўнікі. А цяпер упершыню адбыўся працэс выбараў.

— Каардынацыйная рада абрана па спісах — так фарміруецца парламент у дэмакратычных краінах. Каардынацыйную раду папярэдняга склікання, пры ўсёй павазе, шмат крытыкавалі за валакіту, непразрыстасць, неэфектыўнасць. І гэта таксама мела ўплыў на выбарчую кампанію новай Каардынацыйнай рады — чаму так мала беларусаў прагаласавала. Таму для нас галоўным з’яўляецца спрасціць працэдуры прыняцця рашэнняў, зрабіць іх больш празрыстымі, адкрытымі, зразумелымі для людзей. І як мага хутчэй пачаць працаваць.

Павел Латушка адзначыў: яго разам з паплечнікамі перад пачаткам працы Каардынацыйнай рады трэцяга склікання здзівіла тое, што ў дзеючым рэгламенце КР няма нічога наконт таго, якім чынам павінна працаваць новая Каардынацыйная рада. Таму палітык лічыць неабходным стварэння арганізацыйнага камітэта, каб падрыхтаваць першае працоўнае пасяджэнне Каардынацыйнай рады.

— Калі хтосьці кажа пра неканструктыўнасць нашай пазіцыі, давайце пачнём з таго, што мы запрасілі на сустрэчу менавіта спадара Ягорава і прапанавалі з ім абмеркаваць падрыхтоўку першага пасяджэння, рэгламент правядзення, змест парадку дня. На жаль, ён катэгарычна адмовіўся гэта рабіць і паставіў ультыматум: альбо мы з блокам Пракоп’ева-Ягорава, або яны будуць нас атакаваць. Такім чынам наўрад ці можна дасягаць дамоўленасцей, але гэта не азначае, што я не працягваю руку Ягораву, ці Пракоп’еву, ці Кныровічу.

Палітык кажа, што яго фракцыя прапаноўвае ўвесці часовыя правілы і працэдуры для таго, каб абраць спікера, віцэ-спікера (а магчыма, і двух віцэ-спікераў, адзін з якіх быў бы прадстаўніком апазіцыі). Ён таксама сцвярджае, што блок гатовы абмяркоўваць кіраўніцтва камісіямі для тых блокаў, якія не ўваходзяць у кааліцыю большасці. А таксама паралельна працаваць над зменамі ў прыпынены рэгламент Каардынацыйнай рады.

Латушка лічыць, што рэальна зрабіць, каб адразу ішла праца па канкрэтных тэмах, якія цікавяць беларусаў, і адначасова адбывалася б удасканаленне рэгламенту КР.

— На сёння мы стварылі кабінет рознымі кааліцыямі, рознымі спісамі. Важна, што розныя па поглядах, падыходах, прыярытэтах спісы аб’ядналіся для таго, каб хутка арганізаваць працу Рады. Нам было прапанавана: «Давайце пачакаем некалькі тыдняў, пазней абяром спікера». Я не думаю, што нашыя выбаршчыкі чакаюць, што мы будзем месяцамі будзем працаваць над зменай рэгламенту, месяцамі абіраць спікера і віцэ-спікера, а пазней толькі пачнём працаваць. Таму мы хочам, каб як мага хутчэй адбылося першае працоўнае пасяджэнне Каардынацыйнай рады.

Каментуючы канфлікт звязаны з сумяшчэннем мандатаў (у свой час у статут Каардынацыйнай рады другога склікання запісалі пункт, паводле якога нельга спалучаць «міністэрскую» пасаду ў кабінеце Святланы Ціханоўскай і статус дэпутата КР), Павел спаслаўся на прыклад іншых краін.

— Еўрапейскія парламенты — Польшча, Чэхія, Літва, Ірландыя — выбудоўваюць схему, калі кааліцыі, якія перамаглі на выбарах у парламент, фарміруюць і ўрад. Зразумела, што ў нас не парламент, не ўрад, але мы прапаноўваем выкарыстоўваць менавіта такую схему, калі прадстаўнічы орган удзельнічае ў фарміраванні выканаўчага. І гэта не з’яўляецца супярэчаннем, а наадварот пажадана, каб дэлегат Каардынацыйнай рады мог быць і членам Аб’яднанага пераходнага кабінета. Бо тады скарачаецца шлях для ўзаемадзеяння. Нам жа важна, каб рашэнні прымаліся хутка і больш эфектыўна рэалізоўваліся ў інтарэсах беларусаў. А тут у рэгламенце закладзена, каб былі дзве інстытуцыі, якія будуць заўсёды весці паміж сабой барацьбу.

Палітык таксама сцвярджае, што за некалькі гадзін да першага ўрачыстага сумеснага пасяджэння Каардынацыйнай рады другога і трэцяга складу была апублікавана пастанова (якая не была падпісана), згодна з якой прыпынялася права голасу для Паўла Латушкі і Аліны Коўшык як для членаў Аб’яднанага пераходнага кабінета.

— Ну, ведаеце, другі раз пачынаць працу з таго, што цябе хочуць выкінуць з Каардынацыйнай рады — і ў гэты раз за цябе прагаласавалі тысячы беларусаў… Пагадзіцеся, гэта дзіўная сітуацыя. Я за тое, каб шукаць кампрамісы для дасягнення мэт. А мэта ў нас адна — знесці рэжым Лукашэнкі.

Разборкі ў КР працягваюцца: Латушка з пазіцыі сілы змяняе статут КР, блок Пракоп’ева супраціўляецца 

Большасць удзельнікаў Каардынацыйнай рады адмовіліся слухаць выступ Ягорава і выйшлі з паседжання

Кавалеўскі пярэчыць Латушку і расказвае, што запавольвае працэс з пашпартам Новай Беларусі

Nashaniva.com