30 гадоў з гучнага «замаху» на Лукашэнку пад Лёзнам — што тады было
Інсцэніроўка пад Лёзнам выставіла Лукашэнку пакутнікам за народ, а яго апанента на першых прэзідэнцкіх выбарах — карыкатурным злом.
17.06.2024 / 07:00
Аляксандр Лукашэнка ў Шклове ў час прэзідэнцкіх выбараў. Фота: president.gov.by
Летам 1994 года Беларусь жыла першымі прэзідэнцкімі выбарамі. Пасада прэзідэнта, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, рыхтавалася пад экс-камуніста Вячаслава Кебіча, які ў часы незалежнасці заняў пасаду прэм’ер-міністра і захоўваў усю паўнату ўлады і бюракратычны рэсурс. Але разам з тым лічыўся адказным за эканамічны крызіс — спыненне вытворчасці, беспрацоўе, гіперынфляцыю, зніжэнне ўзроўню жыцця і дэфіцыт прадуктаў.
Кандыдаты ў прэзідэнты на першай старонцы газеты «Советская Белоруссия» за 16 чэрвеня 1994 года
Аляксандр Лукашэнка ў Шклове ў час прэзідэнцкіх выбараў. Фота: president.gov.by
Ягоным апанентам стаў Аляксандр Лукашэнка. Малады харызматычны дэпутат адказваў запыту грамадства: абяцаў падняць эканоміку, запусціць заводы, пасадзіць карупцыянераў.
Лукашэнка паходзіў з вёскі, гаварыў з людзьмі на зразумелай ім трасянцы і з уладай не асацыяваўся. Для сябе ён выбраў вобраз палітыка-адзіночкі і змагара з карупцыяй, то-бок з кіруючымі элітамі. Лозунгам кампаніі стала фраза «Ні з левымі, ні з правымі, а з народам». Для падмацавання гэтага вобразу каманда Лукашэнкі не цуралася выкарыстоўваць любыя метады.
«Эра сямідзесяцігадовых палітыкаў завяршаецца». Фрагмент перадвыбарнага плаката Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер самому палітыку 69 гадоў. Фота: joyreactor.cc
Вячаслаў Кебіч. Фота: Ул. Сапагова
16 чэрвеня 1994 года, за тыдзень да пачатку першых прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка выступаў у Віцебску і позна ўвечары на машыне са сваімі паплечнікамі накіроўваўся на начоўку ў райцэнтр Лёзна.
Што адбылося далей — вядома толькі са слоў Лукашэнкі і ягоных прадстаўнікоў. З версіі, агучанай камандай кандыдата, вынікала, што ў 23:10 хвілін на 24-м кіламетры аўтадарогі Віцебск — Лёзна ў «Мэрсэдэс», у якім ехалі дэпутаты Аляксандр Лукашэнка, Іван Ціцянкоў і Віктар Шэйман, былі зроблены два выстралы з нявызначанага аўтамабіля.
У сродках масавай інфармацыі падрабязнасці акалічнасцяў здарэння значна адрозніваліся: змянялася колькасць пасажыраў, хуткасць, выгляд машыны, з якой стралялі ў Лукашэнку і нават кірунак, у якім рухаўся кандыдат у прэзідэнты.
Газета «Навіны» за 1999 год
«Мэрсэдэс» ішоў з хуткасцю кіламетраў 120 у гадзіну, калі яго абагнала цёмная іншамарка. Пачуўшы два хлапкі і зразумеўшы, што іх абстрэльваюць, Ціцянкоў у афекце апусціў галаву на стырно, а калі падняў яе, дык на шашы да самага гарызонту ўжо не ўбачыў сігнальных агнёў машыны «злыдняў». Ён рэзка затармазіў. Спыніліся на абочыне і ўбачылі, што левыя заднія дзверы «Мэрсэдэса» прашытыя куляй», — узнаўляла падзеі журналістка «Советской Белоруссіі».
Аляксандр Бужа, які назваў сябе даверанай асобай Лукашэнкі, паведаміў расійскім журналістам, што адна з куль праляцела за некалькі сантыметраў ад галавы Лукашэнкі.
Раніцай наступнага дня каманда кандыдата ў прэзідэнты звярнулася ў міліцыю. У той жа дзень пракуратура Віцебскай вобласці завяла крымінальную справу. Да расследавання адразу ж падключыўся КДБ. Улады добра разумелі ўвесь перадвыбарчы сэнс гэтага замаху і правялі следства аператыўна.
Арцёмаў, які ўзначальваў групу аховы кандыдата ў прэзідэнты, паведаміў следству, што 16 чэрвеня група падтрымкі Лукашэнкі разам з аховай на некалькіх аўтамабілях прыбыла ў Віцебск. Сустрэча з выбаршчыкамі скончылася ў 21:20, потым было інтэрв'ю на абласным тэлебачанні, якое скончылася прыкладна а 22-й гадзіне. Ад’ехаўшы ад будынку тэлебачання, Лукашэнка і Шэйман пераселі ў машыну Ціцянкова. Шэйман даў загад ахове і іншым членам каманды ехаць у Лёзна, што тыя і зрабілі.
Шэйман пацвердзіў, што выслаў ахову і членаў падтрымкі да выбранага месца начлегу і што самі яны накіраваліся ў Лёзна пазней без аховы. Сведкі Чорны і Свірыдаў паказалі, што сустрэлі машыну Ціцянкова на ўездзе ў райцэнтр у 23:45. Пасля чаго Шэйман накіраваў іх у мясцовы пансіянат электрасетак на вячэру і начлег. Ад Ціцянкова яны даведаліся, што машыну Лукашэнкі па дарозе абстралялі.
17 красавіка старшы следчы КДБ па асабліва важных справах Таргонскі пры ўдзеле галоўнага эксперта НКЦ МУС Самца правёў следчы эксперымент. Ён паказаў, што пры тых умовах, якія апісалі Ціцянкоў і Шэйман, абстрэл «Мэрсэдэса» Лукашэнкі з салона аўтамашыны, якая абганяла іх, папросту немагчымы.
21 чэрвеня пракуратура правяла паўторны следчы эксперымент, каб удакладніць вышыню дульнага зрэзу пісталета ў момант выстралу адносна дарожнага пакрыцця і левай задняй дзверкі «Мэрсэдэса». У эксперыменце ўдзельнічалі эксперты-балісты Міністэрства ўнутраных спраў, Навукова-даследчага інстытута праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы (НДІПКК і СЭ) Міністэрства юстыцыі і начальніка фотаграметрычнага аддзялення вайсковай часці 44256. Новы эксперымент толькі пацвердзіў немагчымасць той сітуацыю, пра якую заяўляла каманда Лукашэнкі.
Але ніякія высновы следства, ніякія заключэнні экспертаў ужо не мелі значэння. Людзі не верылі афіцыйным тлумачэнням.
«Выстралы прагучалі ў Лёзне, але былі пачутыя літаральна ў кожнай кватэры», — прыгадваў тады Анатоль Лябедзька, які працаваў у тыя гады ў камандзе Лукашэнкі па Віцебскай вобласці.
Відавочна, што забойства Лукашэнкі перад выбарамі было б выгадна ягонаму галоўнаму канкурэнту Вячаславу Кебічу, які трымаў у руках рэальную ўладу. Не верылі следству і таму, што гэта былі высновы дзяржаўных органаў, якія кантраляваліся старой савецкай наменклатурай. Лукашэнка ў адзін момант стаў ледзь не пакутнікам за народ, а Кебіч яшчэ больш карыкатурным злом.
Быццам не прымаючы свайго паражэння, Лукашэнку спрабавалі дыскрэдытаваць на падкантрольным ураду радыё і тэлебачання. З’явілася гісторыя, што падчас візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Кітай у сцюардэсы самалёта знік пакет, у якім знаходзіліся фен, каробка цукерак і іншыя рэчы. Гэты пакет потым адшукалі ў рэчах дэпутата Лукашэнкі.
Гэтая вутка выклікала яшчэ больш абурэння ў грамадстве, і тыя, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам, хіснуліся да Лукашэнкі.
Прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі пасля першага тура на выбарах прэзідэнта Беларусі. Фота: president.gov.by
У першым туры выбараў 23 чэрвеня Лукашэнка набраў нашмат больш галасоў, чым Кебіч — 44,8% супраць 17,3%. Канчатковую перамогу ён атрымаў у другім туры, які прайшоў 10 ліпеня, набраўшы 80,3%. Кебіч не толькі не перацягнуў электарат тых кандыдатаў, якія выбылі з гонкі, але і разгубіў уласны, атрымаўшы ў другім туры ўсяго 14,2%.
Адразу пасля прыходу да ўлады, 12 жніўня 1994 года Лукашэнка вызваліў ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў Люцыяна Сабалеўскага, які раней заяўляў, што замах пад Лёзнам быў імітаваны. Але гэта не сведчыць ні пра што — любы палітык у першую чаргу прыбраў бы з адказных пасадаў у сілавых органах тых, хто стаяў на баку палітычнага апанента.
У 2009 годзе Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскім СМІ выклаў такую версію тых падзей:
«Спачатку ў іх быў план: абстраляць маю машыну і машыну Кебіча. Мяне забіць, а Кебіча толькі траўміраваць. Няхай людзі думаюць, што гэта работа нацыяналістаў. Тады нацыяналісты дыскрэдытаваныя, я забіты, і выйграе Кебіч.
Але ён, на яго гонар, не зацвердзіў гэты план. Вырашылі проста мяне прыстрашыць. Тыя, хто мяне абстраляў, цяпер у Маскве хаваюцца. Гэта, дарэчы, адбылося на мяжы з Расіяй, дзе тым часам былі поўны хаос і бязмежжа. Маўляў, з Расіі прыехалі, зрабілі сваю справу і назад, у Расію. Калі я стаў прэзідэнтам, я загадаў перастаць разбірацца, хто каго хацеў пужаць. Я ведаў, на што я ішоў. Да гэтага часу дзесьці крымінальная справа валяецца».
Ізноў Лукашэнка нагадаў пра свой «расстрэл» пад Лёзнам у канцы 2020 года, пасля здушэння пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
«Вы хоць ведаеце, што ў мяне на першых выбарах стралялі? Але я не плакаўся. І не хадзіў і не распавядаў. Калі стаў прэзідэнтам, мне прынеслі дакументы: трэба расследаваць. Я кажу: пакладзіце ў архіў КДБ. Я нават не стаў расследаваць гэтыя выпадкі. Цяпер гэтыя дакументы дзесьці пыляцца ў КДБ.
А пасля я даведаўся, што да майго альтэрнатыўнага кандыдата, Кебіча (мы ж удвух засталіся ў другім туры), прыйшлі «добразычліўцы» і прапанавалі варыянт: мы расстрэльваем тваю машыну (яго, Кебіча) і Лукашэнкі, вы застаяцеся жывыя, Лукашэнка гіне. А паколькі мы былі ў альтэрнатыве нацменам, «звалім гэта ўсё на Пазняка і Шушкевіча, на нацыяналістаў», — распавёў Лукашэнка.
І вось якраз той факт, што з прыходам Лукашэнкі да ўлады справа ягонага «расстрэлу» была замятая, больш яскрава за ўсе высновы экспертаў сведчыць пра тое, што напад, найхутчэй, быў інсцэніраваны.
Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла
У якіх рэгіёнах Беларусі Пазняк перамог Лукашэнку на выбарах-1994?