Жыхарка Гродна скончыла школу ў 28 гадоў. Як так атрымалася?
Блогерка з Гродна падзялілася ў сацыяльных сетках сваім дасягненнем — яна нарэшце скончыла сярэднюю школу і атрымала атэстат. Але карыстальнікаў тыктоку здзівіў той факт, што выпускніцы 28 гадоў.
15.06.2024 / 21:14
— Мне 28 гадоў і я скончыла сярэднюю школу, — радасна расказвае блогерка, якую завуць Кацярына. — Я вучылася ў вячэрняй школе, праграма якой расцягнута на тры гады — 10, 11 і 12 клас. Колькі разоў я хацела ўсё кінуць, вядома толькі майму мужу. Але дзякуй яму за падтрымку.
Як жа так атрымалася? Кацярына крыху распавяла ў сацсетках гісторыю свайго жыцця. Высветлілася, што яна скончыла 9 класаў школы, а потым паступіла ў каледж. Вучобу там прыйшлося кінуць, прычына гучыць даволі празаічна: цяжарнасць.
Кацярына выйшла замуж, нарадзіла дачку і сына, развялася, калі чакала трэцяе дзіця. Дарэчы, праз шматдзетнасць блогерка не аднойчы сутыкалася з хэйтам — нядобразычліўцы пісалі абразлівыя каментарыі наконт таго, што яна толькі нараджаць умее. Але яна спакойна тлумачыць, што заўсёды імкнулася зарабіць грошы: працавала ў дзіцячым садку, спрабавала рабіць бровы, гатавала дэсерты на замову (і нават стварыла свой зборнік рэцэптаў), займалася SMM, пляла сумачкі з пацерак і прадавала іх па ўсёй Еўропе.
У 2022 годзе Кацярына другі раз пабралася шлюбам. Аднавіцца ў каледжы ўжо было немагчыма — скончыліся ўсе тэрміны. Таму давялося ісці ў вячэрнюю школу.
Распавядаючы пра планы на будучыню, блогерка кажа, што на год забудзе пра вучобу, таму што чакае нараджэння чацвёртага дзіцяці. А пасля збіраецца паступаць ва ўніверсітэт, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.
— Галоўнае, што зараз у мяне ёсць выбар і я сама магу вырашаць, на каго мне вучыцца. Сёння я ганаруся сабой, бо для многіх гэта страшны сон — вярнуцца назад у школу. А я гэта зрабіла.