На расійскім Ямале пасажырскі самалёт пры пасадцы разламаўся папалам

Расійскі пасажырскі самалёт Ан-26 авіякампаніі Utair зрабіў жорсткую пасадку побач з аэрапортам Утранні ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Пры пасадцы корпус самалёта фактычна пераламаўся папалам, паведамляюць расійскія медыя.

14.06.2024 / 18:57

Паводле папярэдніх даных, камандзір самалёта і другі пілот атрымалі траўмы, таксама пацярпела адна пасажырка. Усяго на борце знаходзіўся 41 чалавек — 36 пасажыраў і пяць членаў экіпажу.

Самалёт выконваў чартарны рэгіянальны рэйс па маршруце пасёлак Сабета — пасёлак Утранні.

Прэс-служба авіякампаніі не ўдакладняе прычыны аварыі. Тэлеграм-канал «Авиаторщина» паведамляе, што, па ягоных звестках, самалёт зрабіў жорсткую пасадку ў кіламетры ад аэрадрома — гэта значыць, мог «прамахнуцца» міма ўзлётна-пасадачнай паласы.

Канал паведамляе, што метэаўмовы перад пасадкай самалёта рэзка пагоршыліся: быў туман і моцны вецер, вялікая нізкая воблачнасць.

Выданне «База» мяркуе, што самалёт мог раней часу выпусціць шасі і закрануць агароджу аэрадрома.

Знайшлі зніклы самалёт віцэ-прэзідэнта Малаві. Усе пасажыры загінулі

Амаль 190 турыстаў з Германіі аказаліся зачыненымі ў салоне самалёта, тэмпература ў якім перавысіла +50°С

Град разбіў лабавое шкло і знёс насавую частку самалёта, які ляцеў у Вену — пілоты садзіліся ўсляпую

Nashaniva.com