За ўдзел у маршы пенсіянераў у 2020 годзе судзяць Галіну Лагацкую

У Кастрычніцкім судзе Мінска 14 чэрвеня пачаўся судовы працэс над пенсіянеркай Галінай Лагацкай, якая стала вядомай яшчэ ўдзелам у пратэсных акцыях «дармаедаў», піша Радыё Свабода.

14.06.2024 / 09:49

Паводле судовых дакументаў, на якія спасылаецца праваабарончы цэнтр «Вясна», абвінавачанне 63-гадовай Галіне Лагацкай выставілі паводле 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Крыніца, якая ў мэтах бяспекі прасіла не называць яе імя, расказала апошнія звесткі пра Галіну Лагацкую.

«Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў маршы пенсіянераў 2020 года, але невядома, у якім дакладна. І як яна ставіцца да абвінавачання, невядома. Трымаюць Галіну ў жодзінскай следчай турме № 8. У яе камеры няшмат людзей, усе забяспечаныя месцамі. Лісты ад яе даходзілі, на ўмовы асабліва не наракала, настрой перад судом быў нармальны», — паведаміла крыніца пра Галіну Лагацкую.

Галіну Лагацкую неаднаразова затрымлівалі падчас вулічных акцыяў і каралі з надуманых прычын. Так, 9 мая 2021 года Лагацкую затрымалі побач з плошчай Перамогі з партрэтам бацькі-франтавіка, пасля чаго прысудзілі 20 дзён арышту за «хуліганства», нібыта яна «чаплялася да мінакоў».

Сама пенсіянерка пасля адбыцця арышту сказала, што збіралася перадаць Лукашэнку, які прысутнічаў на ўскладанні кветак, ліст са скаргай.

Перадапошні раз Галіну Лагацкую затрымалі ў сакавіку 2022 году і зноў адправілі на 15 дзён пад арышт за ўлётку «Не — вайне», якую суд палічыў «недазволеным пікетаваннем».

Падчас таго арышту міліцыянты забралі ў Галіны Лагацкай мабільны тэлефон, які не аддавалі цягам больш як 2 гадоў. На пачатку красавіка 2024 года Галіне Лагацкай пазванілі з упраўлення міліцыі Кастрычніцкага раёна Мінска і прапанавалі прыйсці да іх па тэлефон. Крыніца расказала, як Галіна адрэагавала на тое запрашэнне з міліцыі.

«Яна ўжо баялася арышту і таму вагалася, падазраючы, што гэта можа быць пасткай, што яе завабліваюць. Але яна смелая жанчына і ўсё ж адважылася, пайшла. І, на жаль, яе асцярогі спраўдзіліся, дамоў яна пакуль не вярнулася. Але будзем чакаць», — сказала пра Галіну Лагацкую крыніца.

Судзіць пенсіянерку будзе суддзя Вольга Лаўрыновіч.

Стала вядомая дата суда над пенсіянеркай Галінай Лагацкай

Сілавікі затрымалі пенсіянерку Галіну Лагацкую

«Мяркую, нас вырашылі здаць ахоўнікі». Актывістка Галіна Лагацкая выйшла на волю пасля 15 сутак

Nashaniva.com