Сёння па ўсёй краіне пройдуць выпускныя. Адзначаць у рэстаранах, кафэ сёлета катэгарычна забаронена

Выпускнікамі 11-х класаў сталі больш за 55 тысяч юнакоў і дзяўчат.

14.06.2024 / 08:24

Ілюстрацыйнае фота

Ва ўсіх школах Беларусі 14 чэрвеня пройдуць выпускныя вечары для 11-класнікаў. Пасля таго як Лукашэнка абурыўся правядзеннем выпускных у рэстаранах і кафэ, іх правядзенне там забаранілі.

Кансультант Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская сцвярджае, што арганізацыя святочных мерапрыемстваў Міністэрствам адукацыі традыцыйна рэгламентавана.

«Праводзіць іх варта ў памяшканнях устаноў адукацыі — гэта, як правіла, школы. У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі.

Рэгулярна паступаюць пытанні і ад бацькоў, і ад выпускнікоў, ці можна праводзіць выпускныя вечары ў рэстаранах, кафэ, забаўляльных цэнтрах і іншых аб'ектах. Адназначна — не. Гэтая пазіцыя вызначана ў загадзе Міністэрства адукацыі. Любая лакацыя правядзення ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўлення адукацыі, і органаў унутраных спраў», — праінфармавала яна.

Яна кажа, што акрамя адпрацаваных маршрутаў сустрэчы світання і масавых гулянняў у горадзе старанна прапрацоўваліся і сцэнары вечароў.

«На ўсіх этапах выпускных для бяспекі будуць арганізаваныя дзяжурствы педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі. Урачыстасці будуць праходзіць таксама ва ўзаемадзеянні з бацькоўскімі калектывамі. Што тычыцца сцэнарыяў святаў, то для іх арганізацыі дастаткова творчага патэнцыялу педагагічных калектываў, якія гатовыя правесці цікавыя і крэатыўныя мерапрыемствы. Да распрацоўкі сцэнарыяў былі падключаныя педагогі, самі дзеці і іх бацькі.

Формы выпускных вечароў абсалютна разнастайныя — гэта і школьныя капуснікі, і традыцыйныя конкурсы талентаў, і прэзентацыі кінафільмаў і кінастужак са школьных гадоў.

Цікавым фарматам заўсёды была цырымонія ўзнагароджання, калі выпускнікам уручаюцца розныя ўзнагароды за перамогі ў намінацыях, адзначаюцца пры гэтым і медалісты, і класныя кіраўнікі, і настаўнікі-прадметнікі, і нават настаўнікі пачатковых класаў і медработнікі, гэта значыць усе, хто прымаў удзел у жыцці выпускнікоў на працягу 11 гадоў», — кажа яна.

 Ззаду цэнтралізаваныя экзамены, у кагосьці ЦТ. У большасці з іх наперадзе прыёмная кампанія ў ВНУ, пра якую на адзін вечар можна забыцца.

Шмат дзе сёння не будуць прадаваць алкаголь

Сем выпускнікоў Мазырскага абласнога ліцэя атрымалі 100 балаў на ЦЭ па матэматыцы

Мінадукацыі назвала вынікі другога ЦЭ

Nashaniva.com