Лукашэнка расказаў, што Маркава ўгаворвалі быць міністрам інфармацыі
Прызначаючы Марата Маркава міністрам інфармацыі, Лукашэнка пацікавіўся, што яго падштурхнула да таго, каб пераходзіць з нібыта журналісцкай на чыста чыноўную пасаду. Маўляў, ці не аказвалася на яго ціску пры прыняцці рашэння. Адказ даваў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максім Рыжанкоў.
13.06.2024 / 18:01
Марат Маркаў слухае павучанні Лукашэнкі. Скрыншот з відэа
Рыжанкоў адказаў Лукашэнку, што, маўляў, Маркава выбраў сам час. На пытанне ж, ці пыталіся згоды самога выбранага часам, Рыжанкоў сказаў, што
«мы з ім праводзілі сумоўе, дастаткова шчырыя і адкрытыя размовы і ў мяне асабіста, і ва Уладзіміра Барысавіча [Пярцова]. Гэта рашэнне не аднаго дня, быў час і падумаць. На сёння больш аўтарытэтнага чалавека ў інфармацыйным асяроддзі [няма], гэта найлепшы кандыдат на сённяшні момант. Час такі, што найлепшы павінен кіраваць інфармацыйнай [сферай]».
Лукашэнка тады спытаў у Маркава, сам ён прыняў рашэнне, ці яго «падціснулі». І нават зычліва прапанаваў новапрызначанаму чыноўніку, які імгненна падхапіўся з крэсла, «прысаджвацца».
Сеўшы назад, той сказаў, што час цяпер сапраўды дастаткова сур'ёзны, а праца на тэлеканале АНТ, які ён раней узначальваў, маўляў, выбудаваная. Таму можна ісці і ў чыноўнікі.
На пытанне ж Лукашэнкі, хто ж цяпер там будзе браць інтэрв'ю ў «самых сур'ёзных людзей», Маркаў выказаў гатоўнасць працягваць гэта рабіць і ў міністэрскім статусе, бо, маўляў, такія прэцэдэнты ў гісторыі былі.
Лукашэнка падкрэсліў, што праца міністра будзе для Маркава асноўнай, але ён будзе, маўляў, толькі рады, калі чыноўнік з ёй будзе спраўляцца і ў яго застануцца яшчэ час і сілы на асабістыя здзяйсненні на прапагандысцкім фронце.
Рускамірная мастачка Жыгімонт абурылася з нагоды прызначэння Маркава
Лукашэнка расказаў, што пад выбары выдаткаваў на прапагандыстаў «немалыя грошы»
Маркаў: рэвалюцыі ў Мінінфарме не будзе
Марата Маркава прызначылі міністрам інфармацыі