Літва пабудуе ўмацаванні на мяжы з Беларуссю
«Гэта цалкам акупаваная тэрыторыя», — кажа пра Беларусь міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас.
13.06.2024 / 13:27
Лаўрынас Кашчунас. Фота: reform.news
Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас заявіў, што на мяжы з Беларуссю будуць пабудаваныя абарончыя ўмацаванні.
«Мы ствараем балтыйскую лінію абароны сумесна з Латвіяй і Эстоніяй. Яна будзе інтэграваная з умацаваннямі, якія створыць Польшча ў рамках сваёй новай ініцыятывы. Акрамя таго, мы многае зробім на мяжы ў рамках уласных літоўскіх нацыянальных рашэнняў. Перш за ўсё гэта тычыцца ўзвядзення ўчасткаў загарод, якія перашкаджаюць мабільнасці. Некалькі пунктаў на мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю будуць грунтоўна абсталяваныя паркамі контрмабільнасці. Мы таксама плануем многія іншыя ўдасканаленні ў гэтым годзе.
Праз месяц мы абвесцім больш канкрэтна, што будзе зроблена ў рамках літоўскага абароннага плана», — сказаў Кашчунас журналісту Reform.news.
Літоўскі міністр абароны таксама адмоўна адказаў на пытанне журналіста Reform.news адносна таго, ці ўспрымае Літва Беларусь і рэжым Аляксандра Лукашэнкі як самастойныя суб'екты.
«Абсалютна не. Гэта цалкам акупаваная тэрыторыя», — сказаў Лаўрынас Кашчунас.
Міністр абароны Літвы бярэ ўдзел у сустрэчы міністраў абароны краін NATO, якая пачалася 13 чэрвеня ў штаб-кватэры альянсу і працягнецца два дні. Са слоў генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга, міністры будуць абмяркоўваць тры асноўныя пытанні: забеспячэнне стабільнай, бесперапыннай у прадказальных аб'ёмах дапамогі Украіне ў адбіцці расійскай агрэсіі, узмацненне абароннага патэнцыялу краін NATO, а таксама ўмацаванне супрацоўніцтва з партнёрамі, якія не ўваходзяць у NATO.
Чакаецца, што на сустрэчы будуць падрыхтаваныя рашэнні, якія будуць зацверджаны на саміце ў Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня.
Ва ўсіх беларусаў, якія жывуць у Літве, адклікалі дазволы на зброю
Літва ўзмоцніць мяжу з Беларуссю цяжкімі кулямётамі і супрацьтанкавымі вожыкамі
Міністрам абароны Літвы стаў вядомы прыхільнік абмежаванняў супраць беларусаў