На Алімпіядзе-2024 у Парыжы выступяць максімум 28 беларускіх спартоўцаў. І гэта катастрафічна мала

МАК старанна правярае іх сацсеткі. Праверка далёкая ад завяршэння.

13.06.2024 / 11:26

Міжнародны алімпійскі камітэт працягвае пільную праверку беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія адабраліся на Алімпіяду-2024 у Парыжы. Праверку атлетаў на нейтральнасць праводзіць спецыяльная камісія МАК, якая складаецца з трох чалавек, паведамляе Reuters.

Сярод найважнейшых крытэрыяў адпаведнасці — адсутнасць падтрымкі вайны супраць Украіны і адсутнасць кантрактаў або сувязяў з сілавымі ведамствамі і арміяй. Спецыялісты МАК аналізуюць у тым ліку сацыяльныя сеткі спартсменаў.

Па словах прадстаўніка МАК Марка Адамса, гэта доўгі працэс, які будзе працягвацца да самага старту Гульняў.

«Я не магу назваць вам дакладны тэрмін. Прычына, чаму гэта займае так шмат часу, што мы робім гэта вельмі, вельмі старанна.

Нам трэба атрымаць інфармацыю ад мноства людзей. Таму працэс павінен быць праведзены правільна», — распавёў Адамс.

Раней Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведамляў, што ў Парыж адабраліся 28 спартоўцаў. На Алімпіядзе ў Токіа ўдзельнічалі 109 беларусаў, і гэта была самая малаколькасная для нас Алімпіяда адпаведна з мінімальнай колькасцю ўзнагарод. Беларускія спартоўцы заваявалі ў Токіа сем узнагарод (адно золата, тры срэбры і тры бронзы).

Алімпіяда-2024 у Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Nashaniva.com