Колькі польскага ў польскай Pierogarni ў Мінску? Праверыла полька
Ацэнку дала полька, якая праязджала з Масквы ў Варшаву. Ці можна пакаштаваць там польскае піва?
15.06.2024 / 09:53
Фота: сацыяльныя сеткі
У гандлёвым цэнтры «Галілеа» ў Мінску працуе кавярня «Pierogarnia». У яго меню класічныя для польскай кухні «пярогі» — гэта значыць, варэнікі, а таксама запяканкі, супы. Выданне Onet.pl прыводзіць уражанні ад наведання гэтай установы полькай, якая стала жыве ў Маскве.
Першае, на што звяртае ўвагу жанчына, гэта няправільнае ўспрыняцце расейскамоўнымі назвы ўстановы. Як яна тлумачыць, што для расейцаў польскае слова «pierogi» асацыіруецца з «пірагамі» — здобнай выпечкай. Так пры ёй адна з наведвальніц вельмі здзівілася, калі не пабачыла такіх.
Полька звяртае ўвагу на меню ўстановы, у якім сярод супоў пазначаны «польскі халаднік», журак і флякі. Вялікае здзіўленне ў яе выклікала наяўнасць у меню такога блюда, як чычарон, які робіцца як са свініны, так і з курыцы. Гэтая страва з'яўляецца традыцыйнай для Іспаніі і краін Лацінскай Амерыкі.
На пытанне, чаму ў кавярні, якая пазіцыянуе сябе як польская, іспанская страва, жанчыне патлумачылі, што ў меню «ёсць не толькі стравы польскай кухні».
Акрамя іспанскага чычарону, як піша полька, у меню прысутнічаюць пярогі з начынкай з курыцы і сушаных памідораў. На пытанне, да кухні якой краіны іх можна аднесці, супрацоўнік кавярні адказаў, што «гэта хіба што сумесь польскай і італьянскай».
Жанчына засталася задаволеная выбарам запяканак і асноўных страў. Праўда, яна заўважае, што запяканкі «не вельмі звязаныя з Польшчай».
Таксама яна адзначае на нетыповую для паляка назву «дзярун», якой бульбяныя аладкі называюць ва Украіне.
Па словах жанчыны, ва ўстанове, якая мае назву «Перагарня», запяканак нашмат болей, чым уласна пярогаў. На пытанне, чаму так, ёй патлумачылі, што ў наведвальнікаў запяканкі больш папулярныя, але назва такая, таму што «польская кухня больш асацыюецца з пярогамі».
А вось з дэсертамі ў кавярні зусім слаба. Наведвальнікам прапануюць толькі сырнікі, якія каштуюць 9,90 рублёў. Але яны, як заўважае жанчына, не маюць нічога агульнага з польскімі «sernikami». «Гэта бліны з паўтлустага тварагу, якія папулярныя ў Расіі і Беларусі» — піша полька.
Тут трэба патлумачыць, што польскі sernik нагадвае тое, што ў Беларусі хутчэй бы назвалі чызкейкам.
На выбар наведвальнікаў таксама напоі ўласнага прыгатавання. Гэта морс і вішнёвы кампот. Акрамя гэтага — газаваныя напоі і беларускае піва.
Жанчына сцвярджае, што чула, як адзін з наведвальнікаў спытаў, ці ёсць у кавярні польскае піва. «Не, адкуль яно ў нас можа быць», — цытуе яна адказ супрацоўніка кавярні.
Пасля азнаямлення з меню, жанчына вырашыла замовіць «Польскі абед» — сэт, які складаецца з жураку, міксу розных пярогаў і вішнёвага кампоту. Усё гэта каштуе 17 рублёў 90 капеек. Але высветлілася, што журак ужо скончыўся. Не было таксама чырвонага баршчу, флякаў і бігасу.
У выніку жанчына замовіла «польскі халаднік», мікс розных пярогаў і грушавы мус (кампот з вішні таксама скончыўся).
Жанчына падзялілася ўражаннямі ад страваў. Дэсертам яна засталася незадаволеная: «Такое ўражанне, што ў каструлі было шмат вады і кавалачак грушы». А вось халаднік ёй вельмі спадабаўся: «У ім было шмат кропу, як у халадніку, які варыў мой дзед».
Вараную бульбу, з якой быў пададзены халаднік, жанчына ацаніла як «цвердаватую». А вось пярогі «былі не смачнейшыя за тыя, што падаюць у рэстаранах, у якіх я бывала ў Польшчы, але відаць, што кухар стараўся».
«Уся пярогі былі прыгатаваныя цалкам добра — і традыцыйныя (з бульбай, капустай, грыбамі) і «экзатычныя». Хацелася б, каб у «Pierogarni» было больш традыцыйных пярогаў і ўвогуле больш пярогаў», — заканчвае свой агляд жанчына.
У мінскай кавярні ежу кліентам прыносяць на лапаце ВІДЭА
Новае мінскае кафэ прапаноўвае наведвальнікам кілаграмовы сырнік