Дэпартаваны з Польшчы беларус з нейтральнай тэрыторыі перайшоў на беларускую. Рух у памежным пункце Тарэспаль аднавіўся

Як паведамляе MOST, беларус Дзмітрый Смактуновіч перайшоў на беларускую тэрыторыю. У памежных чатах напісалі, што рух на мяжы адноўлены

12.06.2024 / 11:20

Беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выправадзілі з Польшчы за парушэнне правілаў знаходжання ў Еўрасаюзе: яго ДНЖ у Літве анулявалі. Мужчына ночыў у нейтральнай зоне. 

Як жонка Наталля распавяла журналістам, у красавіку 2023 года Дзмітрыя затрымлівалі за перавозіў мігрантаў, якія нелегальна ўязджаюць у Польшчу з беларускага боку. Тады ён супрацоўнічаў са следствам, дзякуючы яго дзеянням удалося выйсці на іншых удзельнікаў канала перавозкі. Яго судзімасць пагашаная. 

Як сцвярджае Наталля, мужчыну нельга ў Беларусь праз палітычны складнік: паводле яе слоў, Зміцер актыўна каментаваў падзеі 2020 года ў сацсетках. Да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся мужчынам. А потым з ім звязаліся знаёмыя «з органаў» і рэкамендавалі па магчымасці не прыязджаць у Беларусь, таму што на яго ёсць нейкія матэрыялы. 

Кіроўцы аўтобусаў сказалі Зміцеру, што на беларускім баку яго ўжо чакаюць супрацоўнікі КДБ. 

Спрабуючы выціснуць беларуса на тэрыторыю РБ, польскія памежнікі спынілі рух на памежным пункце ў Тарэспалі ў абодва бакі.

Цяпер рух аднавіўся. 

Nashaniva.com