Расія пачала паляваць на актывы Google па ўсім свеце праз «сяброўскія краіны». Ужо ёсць прэцэдэнт
Буйны паўднёваафрыканскі партал Moneyweb паведаміў, што высокі суд ПАР днямі наклаў арышт на актывы кампаніі Google унутры краіны за тое, што яна «не выканала патрабаванні Расіі» па разблакаванні ютуб-старонкі праваслаўнага тэлеканала «Спас». Эксперты адзначылі, што гэта з'яўляецца прэцэдэнтам, які можа ператварыцца ў тэндэнцыю і ў іншых краінах.
11.06.2024 / 21:28
Уладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл глядзяць на адзін з офісаў кампаніі Google. Фоты: Wikimedia Commons, Mikhail Svetlov / Contributor Getty Images. Калаж: «Наша Ніва»
Паводле партала Moneyweb, Расія разаслала па ўсім свеце звароты з просьбай выкарыстаць замежныя юрысдыкцыі для выканання судовага рашэння супраць кампаніі Google за адмову здымаць блакіроўку з расійскіх рэсурсаў у сацсетках.
Так, па запыце Расіі днямі былі арыштаваныя актывы Google у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР) за блакіроўку ютуб-старонкі праваслаўнага тэлеканала «Спас».
«У чэрвені 2023 года ў расійскім судзе было вынесена рашэнне, паводле якога амерыканскі філіял кампаніі Goоgle (Google LLC) павінен аднавіць ютуб-каналы расійскага Фонду праваслаўнага тэлебачання, якому належыць тэлеканал «Спас», альбо выплаціць штраф.
Да нас звярнулася расійская юрыдычная фірма Art De Lex, якая хацела, каб мы прызналі гэтае расійскае рашэнне і атрымалі дазвол на выкананне яго ў юрысдыкцыі ПАР. Мы выканалі гэта, і ў выніку высокі суд завёў справу на кампанію Google і арыштаваў яе актывы», — заявіў парталу Moneyweb паўднёваафрыканскі юрыст Х'юга Джонстан, чыя фірма пагадзілася супрацоўнічаць з расіянамі.
Джонстан адзначыў, што ў ПАР ужо ёсць вопыт прызнання замежных судовых рашэнняў, аднак выпадак з Расіяй — «гэта новаўвядзенне, якое раней не выпрабоўвалася ў паўднёваафрыканскай юрысдыкцыі».
Юрыст дадаў, што расійская фірма Art De Lex накіравала аналагічныя звароты і ў іншыя краіны па ўсім свеце, каб яны распачалі падобныя справы супраць Google.
Аднак, як прызнаецца Джонстан, арышт актываў Google не азначае, што яны будуць прададзеныя на карысць ПАР альбо Расіі. Юрыст падкрэслівае, што высокі суд краіны яшчэ не прызнаваў расійскае патрабаванне на атрыманне кампенсацыі ад Google за невыкананне судовага рашэння.
«Таму гэта можна назваць не арыштам, а толькі захоўваннем актываў. Google не зможа праводзіць з імі ніякіх аперацый, але і ўлады ПАР таксама не будуць мець да іх ніякага доступу. Google усё яшчэ мае права абскардзіць і аспрэчыць арышт актываў.
Паводле расійскага суда, калі Google не выканае патрабаванні за 6 дзён з моманту вынясення рашэння, то штраф для кампаніі будзе складаць каля 4 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 45 000 даляраў ЗША) кожны 9-месячны перыяд пратэрміноўкі. Але наш суд яшчэ не прызнаваў права Расіі на атрыманне такой кампенсацыі», — заявіў Джонстан.
Нагадаем, што Расія афіцыйна ўносіць ПАР у спіс «сяброўскіх краін» (там ёсць і Беларусь). Калі Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна за злачынствы супраць чалавечнасці ва Украіне, Паўднёвая Афрыка планавала выйсці з-пад юрысдыкцыі суда, каб не арыштоўваць расійскага кіраўніка, які хацеў прыехаць у краіну на саміт БРІКС.
Расія вярбуе ў сваё войска маладых афрыканцаў — Bloomberg
«Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ
Макрон таемна націснуў на Канаду, каб яна змякчыла санкцыі супраць Расіі