Польшча накіруе на мяжу з Беларуссю вайскоўцаў з баявым досведам у Афганістане, Іраку і Косаве

Памежнікі адзначаюць, што групы мігрантаў атрымліваюць новае абсталяванне.

11.06.2024 / 14:37

Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Польшча накіруе на мяжу з Беларуссю салдат і паліцэйскіх з баявым досведам у Афганістане, Іраку і Косаве.

Пра гэта распавёў міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле яго слоў, групы мігрантаў, якія спрабуюць штурмаваць мяжу з боку Беларусі, атрымалі новае абсталяванне і цяпер больш небяспечныя, чым былі раней, піша wnp.pl.

«Гэта арганізаваныя групы, падкантрольныя Беларусі або Расійскай Федэрацыі, абсталяваныя тэхнікай, якая пагражае жыццю і здароўю. Гэта выглядае зусім інакш, чым у першыя тыдні, месяцы ці нават гады спробаў перасекчы польска-беларускую мяжу», — адзначыў Касіняк-Камыш.

Паводле яго слоў, мігранты змянілі тактыку, і польскім сілавікам неабходна зрабіць захады, у тым ліку прафілактычныя.

«Адсюль увод дадатковых сіл. Гэта не толькі салдаты і камандас пасля місій у Афганістане і Іраку, але перш за ўсё салдаты і паліцыянты пасля місій у Косаве», — распавёў міністр.

Касіняк-Камыш адзначыў, што салдаты на мяжы атрымалі новы, больш сучасны і надзейны рыштунак, а таксама дадатковую тэхніку, у тым ліку бронетранспарцёры.

Nashaniva.com