Галоўны доктар і супрацоўніца санаторыя «Беларусь» у Друскеніках атрымалі вялізныя тэрміны за шпіянаж
Шэсць гадоў пазбаўлення волі — такі прысуд нібыта за агентурную дзейнасць вынес сёння Мінскі гарадскі суд Алене Раманаўскене, супрацоўніцы санаторыя «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках.
11.06.2024 / 13:03
Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме. Паводле версіі следства, загадчыца маркетынгавай службы і дырэктар санаторыя былі завербаваныя літоўскай спецслужбай больш за 10 гадоў таму, піша АНТ.
«Яны неаднаразова падавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў», — паведамляе тэлеканал.
Паводле абвінавачання, супрацоўнікі перадавалі літоўскай спецслужбе розныя дакументы, а дырэктар установы даў падпіску аб сакрэтным супрацоўніцтве з ДДБ і рэгулярна браў хабары. Яго асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі, ён ужо адбывае пакаранне, піша АНТ.
Імаверна, прапагандысты маюць на ўвазе былога галоўнага ўрача беларускіх санаторыяў у Друскеніках і Сочы Андрэя Кобеля. Суд над ім пачаўся 16 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. Кобеля абвінавачвалі паводле артыкула «Здрада дзяржаве», як вынікала з раскладу суда. Пра прысуд нічога не паведамлялася.
Андрэй Кобель працаваў галоўным урачом у санаторыі «Беларусь» у Друскеніках, а пасля — на той жа пасадзе ў санаторыі ў Сочы. Пазней кіраваў аддзелам РНПЦ у Мінску.
Пра Кобеля расказвалі на дзяржтэлебачанні ў снежні 2023 года. Паводле афіцыйнай версіі, яго нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы пад пагрозай шантажу. Ад яго, як сцвярджалася, патрабавалася збіраць і перадаваць звесткі пра тых, хто адпачывае ў санаторыях, а таксама звесткі пра рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Таксама сцвярджалася, што ён уладкоўваў на працу супрацоўнікаў па патрабаванні Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.
59-гадовая Алена Раманаўскене — грамадзянка Літвы, ураджэнка Беларусі. Затрымаць яе маглі летась, калі яна вярталася ў Літву з Беларусі, дзе наведвала родных. Сваякі жанчыны ад каментароў літоўскаму выданню адмовіліся.
Затрыманая літоўская «шпіёнка» аказалася супрацоўніцай санаторыя «Беларусь»
Былога галоўнага лекара беларускіх санаторыяў у Друскеніках і Сочы будуць судзіць за «шпіянаж»
За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене