Пікет нагой. У пацыента ўбачылі «Пагоню» на назе і адправілі з прыёмнага пакоя ў пастарунак
У Мінску ў прыёмным пакоі бальніцы №5 затрымалі хлопца за «несанкцыянаванае пікетаванне» без дазволу гарадскіх уладаў: на ягонай назе была татуіроўка «Пагоня». За гэта яго адправілі на Акрэсціна на сем сутак. Пра гэта стала вядома з Банка судовых рашэнняў, піша «Люстэрка».
11.06.2024 / 09:57
Ілюстрацыйнае фота Радыё Свабода
Маладога чалавека затрымалі 22 мая. «Пікетаванне» ён правёў у прыёмным пакоі бальніцы. Сам мужчына ў судзе растлумачыў, што ніякіх грамадска-палітычных мэтаў не меў, а проста быў апрануты ў майку і шорты, бо яму было горача. Яго судзілі на наступны дзень пасля затрымання.
Як гаворыцца ў матэрыялах справы, малады чалавек «парушыў парадак правядзення пікетавання, што выявілася ў правядзенні ім несанкцыянаванага пікетавання, без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, падчас якога дэманстраваў навакольным грамадзянам размешчаную на правай назе татуіроўку ў выглядзе герба «Пагоня».
«Правядзенне пікетавання ў грамадскім месцы горада закранае правы не толькі яго ўдзельнікаў, але і іншых грамадзян, якія ў масавым мерапрыемстве не ўдзельнічаюць», — абгрунтаваў сваё рашэнне суд.
Яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў па ч.1 арт. 24.23 КаАП і далі яму сем сутак арышту.
Назіральніцу за выбарамі-2020 Гражыну Гетка з Бярозаўкі адправілі на «суткі»
Палітвязня затрымалі проста на выхадзе з калоніі
КДБ затрымаў падлеткаў, якія рабілі выбухоўкі. Прапагандысты вінавацяць іх у падрыхтоўцы тэрактаў