У Празе іншаземца падазраюць у спробе тэракту на замову Расіі

У сталіцы Чэхіі затрымалі іншаземца паводле падазрэння ў падрыхтоўцы тэракту. Мужчыну абвінавачваюць у спробе падпаліць аўтобусы ў дэпо на паўночным усходзе горада. Прэм’ер-міністр Чэхіі Пэтр Фіяла гаворыць, што за злачынствам можа стаяць Расія, паведамляе «Радыё Свабода».

10.06.2024 / 21:10

Прага. Фота: veectezy.com

26-гадовы падазраваны прыбыў у Чэхію з Паўднёвай Амерыкі за некалькі дзён да затрымання ў суботу. У гэтыя дні ўлады Чэхіі падымалі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне. Паліцэйскія патрулі ахоўвалі чыгуначныя і аўтобусныя вакзалы і гандлёвыя цэнтры.

У панядзелак сітуацыя абмяркоўвалася на пасяджэнні Дзяржаўнай рады бяспекі. На прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы прэмʼер-міністар Фіяла заявіў, што падпал мог быць часткай гібрыднай вайны Масквы.

«Ёсць падазрэнне, што напад быў арганізаваны і прафінансаваны з Расіі», — цытуе яго выданне iDNES.

Спецслужбы некаторых краін Захаду заяўляюць, што Расія арганізавала шэраг падпалаў цывільных абʼектаў у Еўропе, каб паўплываць на пастаўкі зброі Украіне. Кампаніяй па падрыве вайсковай падтрымкі Кіева з боку іх саюзнікаў кіруе вайсковая разведка ГРУ, сцвярджаецца ў артыкуле амерыканскай газеты The New York Times.

У канцы траўня ў Польшчы арыштавалі дзевяць чалавек, у тым ліку дваіх беларусаў, па падазрэнні ў дыверсіях на замову расійскіх спецслужбаў. Масква абвінавачванні адмаўляе.

У Польшчы правяраюць сувязь затрыманых па абвінавачанні ў падпалах беларусаў з візавай праграмай Poland. Business Harbour

Стала вядома імя яшчэ аднаго беларуса, які па заданні ГРУ рыхтаваў дыверсіі ў Польшчы

Да падпалаў у польскіх гандлёвых цэнтрах датычны імаверны зяць беларускага дыпламата

Адным з затрыманых у Польшчы па «справе аб падпалах» беларусаў можа быць раней судзімы былы баец ММА

Латушка пра групу беларускіх дыверсантаў, закінутых у Еўрасаюз: Мэтай можа быць ліквідацыя як мяне, так і Сахашчыка

Nashaniva.com