16-гадовай дзяўчыне прысудзілі 10 гадоў калоніі за наркотыкі і надпісы

Пасля таго як яна на першым заданні згубіла скрутак, ёй даручылі зрабіць каля 30 рэкламных надпісаў пра наркотыкі.

10.06.2024 / 12:58

Суд Бабруйскага раёна прысудзіў 16-гадовай дзяўчыне 10 гадоў і 6 месяцаў калоніі, яе абвінавацілі паводле артыкулаў аб незаконным абароце наркотыкаў і апаганенні будынкаў (Частка 4 артыкула 328 і артыкул 341 КК), паведамляе mediazonaby.com са спасылкай на прэс-службу Магілёўскага абласнога суда.

У 2023 годзе дзяўчына стала «закладчыцай», прайшла навучанне і атрымала першае заданне. Ёй трэба было забраць са схованкі скрутак з наркатычным сродкам, падзяліць на часткі і раскласці ў схованкі для продажу. Аднак дзяўчына згубіла скрутак.

За гэта ў якасці «спагнання» пастаўшчык наркотыку даручыў ёй зрабіць не менш за 30 надпісаў на будынках у Бабруйску. Надпісы ўтрымлівалі прапановы аб працы ў інтэрнэт-краме па продажы наркотыкаў.

Пасля гэтага дзяўчына атрымала новае заданне, яна забрала з тайніка 1,65 грам амфетаміну і захоўвала яго дома. Там яе і затрымалі.

Дзяўчына спрабавала аспрэчыць прысуд у Магілёўскім абласным судзе, але ён пакінуў рашэнне Бабруйскага суда без зменаў.

Nashaniva.com