Град разбіў лабавое шкло і знёс насавую частку самалёта, які ляцеў у Вену — пілоты садзіліся ўсляпую

Пасажыры адзначылі другі дзень нараджэння.

10.06.2024 / 12:32

Скрыншот відэа: Kronen Zeitung

Самалёт авіякампаніі Austrian Airlines накіроўваўся з Пальма-дэ-Маёркі ў Вену. Судна трапіла ў навальнічны фронт, а затым пад наймацнейшы град. Стыхія разбіла лабавое шкло і знесла насавую частку самалёта. Пілотам прыйшлося садзіцца ўсляпую, піша Kronen Zeitung.

«Мы ляцелі праз навальнічны фронт. Прыкладна за паўгадзіны да пасадкі раптам адчулася моцная трасяніна. Сама пасадка прайшла больш жорстка, чым звычайна», — распавёў адзін з пасажыраў.

Калі людзі апынуліся на вуліцы, яны жахнуліся: у самалёта адсутнічала вялікая частка носа і было разбіта лабавое шкло. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

Пілоты падавалі дыспетчару сігнал бедства пасля таго, як град разбіў лабавое. У Службе кіравання палётамі заявілі, што навальнічны фронт не быў бачны на радары, таму самалёт не змог яго абысці.

Nashaniva.com