КДБ затрымаў падлеткаў, якія рабілі выбухоўкі. Прапагандысты вінавацяць іх у падрыхтоўцы тэрактаў

Тэлеканал АНТ паказаў сюжэт пра затрыманне нібыта дзясятка падлеткаў з Віцебска і Магілёва, якія цікавіліся вырабам выбухоўкі, узрывалі ў лесе «баначкі з-пад ёду» і здымалі выбухі на тэлефон. Прапаганда дадала ў сюжэт ІДІЛ, неанацызм, Гітлера, украінцаў. 

10.06.2024 / 08:27

Падлетак з Віцебска, які знаходзіцца ў СІЗА. Яго вінавацяць па двух артыкулах — незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў і падрыхтоўка да акту тэрарызму.

Аўтары сюжэта гавораць пра дзясятак затрыманых падлеткаў, у сюжэце паказалі траіх — двух падлеткаў з Магілёва і аднаго з Віцебску. Паміж сабой яны не звязаныя. 

Хлопцы распавядаюць, што ім падабалася глядзець на выбухі, таму яны шукалі ў інтэрнэце, як зрабіць выбухоўку. Аўтары сюжэту перабіваюць іх расповед кадрамі падпаў, нацысцкай хронікі і нават Гітлерам. Паводле прапагандыстаў, падлеткі нібыта дзейнічалі пад кантролем «ўкраінскіх нацысцкіх груповак», стваралі для іх копіі тэлеграм-каналаў і перадавалі гэтыя каналы ва ўпраўленне. 

«Зрабілі ўсё, каб жыццё сваё пакласці на алтар чужой страшнай інфармацыйнай вайны, у якой кожны з іх шасцёрка, пешка і разменная манета», — гавораць прапагандысты. 

Аўтары сюжэта сцвярджаюць, што падлеткаў затрымалі па запыту заходніх спецслужбаў. Нібыта ў КДБ Беларусі звярнулася «адна з самых магутных заходніх спецслужбаў» і запытала дапамогу і садзейнічанне ў выяўленні ўдзельнікаў тэлеграм-каналаў, дзе распаўсюджвалася інфармацыя аб вырабе выбухоўкі. 

Падлеткі з Магілёва не дасягнулі ўзросту адказнасці, а падлетак з Віцебска знаходзіцца ў СІЗА. Яго вінавацяць па двух артыкулах — незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў і падрыхтоўка да акту тэрарызму.

Прапаганда выклала перапіску гісторыка Бацюкова, дзе ён «прызнаецца» ў працы на КДБ. Распыталі яго, што адбылося

КДБ масава затрымлівае чыгуначнікаў за фота аварыі, якую хацелі ўтаіць

«Старшыня КДБ казаў, што заходнія паслы ставяць на мяне як на будучага кіраўніка краіны» — Латушка пра час працы міністрам

Nashaniva.com