Сястра Кім Чэн Ына папярэдзіла Сеул «пра небяспечную сітуацыю»

Кім Ё Чжон назвала апраўданай рэакцыю КНДР.

10.06.2024 / 07:20

Кім Ё Чжон з братам. Фота: Korean Central News Agency/Korea News Service via AP

Рашэнне Паўднёвай Карэі запусціць прапагандысцкае вяшчанне праз гучнагаварыцелі на мяжы з Паўночнай Карэяй можа прывесці «да вельмі небяспечнай сітуацыі», заявіла намеснік загадчыка аддзела ЦК Працоўнай партыі КНДР Кім Е Чжон, сястра лідара Рэспублікі Кім Чэн Ына.

Паўднёвакарэйскія ўлады ўключылі гучнагаварыцелі ўпершыню з 2016 года, гэта стала адказам на «смеццевую вайну» КНДР: па даных Сеула, з 28 мая паўночнакарэйскі ўрад выпусціў каля 1,6 тыс. паветраных шароў са смеццем, частка з іх прызямлілася ў ваколіцах Сеула і іншых прыгранічных рэгіёнах.

У Паўночнай Карэі заяўляюць, што такім чынам адказваюць на распаўсюд прапагандысцкіх улётак Паўднёвай Карэяй аналагічным метадам.

Кім Ё Чжон назвала апраўданай рэакцыю КНДР. На яе думку, у дзеяннях Пхеньяна, у адрозненне ад Сеула, «не ўтрымліваецца ніякага палітычнага падбухторвання».

«Калі яны будуць раскідваць улёткі і ладзіць правакацыі з дапамогай гучнагаварыцеляў праз мяжу, мы, несумненна, станем сведкамі новай рэакцыі нашай краіны. Я сур'ёзна раю Сеулу неадкладна спыніць небяспечныя ўчынкі, якія могуць прывесці да далейшай канфрантацыі», — цытуе яе ЦТАК.

КНДР планавала спыніць адпраўку шароў 9 чэрвеня, але сітуацыя памянялася, сказала яна, маючы на ўвазе сітуацыю з гучнагаварыцелямі.

Яна дадала, што Паўднёвая Карэя сутыкнецца з «паўсядзённай неабходнасцю збіраць макулатуру», калі распаўсюджванне ўлётак не спыніцца.

КНДР закідала Паўднёвую Карэю паветранымі шарамі са смеццем

КНДР зноў атакавала Паўднёвую Карэю смеццем — Сеул у адказ уключыць навіны праз гучнагаварыцелі

У КНДР зацвердзілі парадак дэманстрацыі партрэтаў трох Кімаў

Nashaniva.com