У Гомелі асудзілі ўраджэнца Камчаткі, якога за ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне памілаваў Пуцін

У студзені гэтага года ў будынак ДАІ Гомельскага аблвыканкама ўвайшоў грамадзянін Расіі і пацікавіўся, дзе ён можа забраць сваё пасведчанне кіроўцы. Потым пачаліся прыгоды.

07.06.2024 / 14:43

Мужчына растлумачыў, што ў 2006 годзе жыў у Гомелі, вучыўся ў аўташколе, здаў экзамены, а вось дакумент атрымаць не змог. Наведвальніка праверылі па міліцэйскіх базах і тут жа затрымалі.

За што, «Моцныя Навіны» даведаліся з выраку суда Чыгуначнага раёна Гомеля, нядаўна апублікаванага ў Банку судовых рашэнняў. Разбіральніцтва ішло па артыкуле аб парушэнні тэрміна забароны ўезду ў Беларусь. Санкцыя — штраф, або арышт, або пазбаўленне волі на тэрмін да 1 года.

Як вынікае з тэксту прысуду, у затрыманага ў будынку ДАІ ўраджэнца Камчаткі аказалася багатая крымінальная біяграфія.

У 2018 годзе ў Мінску расіянін атрымаў дзве запар судзімасці за незаконны абарот наркотыкаў у складзе злачыннай групы. Канчаткова яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 16 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці. Другая судовая інстанцыя пазней знізіла тэрмін на паўгода. Гэта значыць, на волю асуджаны павінен быў выйсці пасля 2030 года. А вось у Гомель ён прыехаў ужо з пагашанымі судзімасцямі, гэта значыць аказаўся чысты перад законам. Але не беларускім.

Аказалася, што адбываць тэрмін у Беларусі расеец не захацеў, выявіў жаданне «сядзець» на радзіме і яго хадайніцтва задаволілі. Увесну 2021 года з калоніі ў Віцебскай вобласці, дзе ён адбываў пакаранне, яго этапавалі на Камчатку, але перад гэтым была вынесеная пастанова аб высылцы грамадзяніна РФ у прымусовым парадку з забаронай уезду ў Беларусь тэрмінам на 10 гадоў. Мужчыну папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці, калі ён уедзе ў Беларусь раней за 1 красавіка 2031 года. Чаму ён вырашыў, што ўжо можна?

«Знаходзячыся ў папраўчай калоніі, па прапанове Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі ён падпісаў кантракт на паўгода, пасля чаго быў накіраваны ў зону правядзення «СВА» [так прапаганда называе вайну ва Украіне — НН]. За гэта Указам прэзідэнта Расійскай Федэрацыі з яго была знята судзімасць. Пасля атрымання ранення і наступнага лячэння, ён дэмабілізаваўся і накіраваўся ў г. Гомель на аўтобусе Масква — Гомель, каб забраць з ДАІ сваё пасведчанне кіроўцы», — адзначаецца ў прысудзе і ўдакладняецца, што фігуранта Уладзімір Пуцін памілаваў 14 траўня 2023 года «са здыманнем судзімасцяў, у тым ліку непагашаных на дату прымянення ўказа».

Абвінавачаны сваю віну поўнасцю прызнаў і растлумачыў, што ў Беларусь вярнуўся, бо палічыў, што ўсе абмежаванні з яго зняты. За заўчасны ўезд у Беларусь райсуд пакараў расейца арыштам тэрмінам на 3 месяцы.

Nashaniva.com