«Тое, што я руская, было відаць адразу». Турыстка з Масквы паскардзілася, што яе выгналі з касцёла ў Беларусі

Жанчына здымала відэа падчас святой Імшы, і ёй зрабілі заўвагу. У выніку яна сама прыгразіла ахоўніку, што «даложыць на яго куды трэба», піша Katolik.life.

06.06.2024 / 21:37

Масквічка Наталля падчас паездкі ў Беларусь, яе твар заблюраны рэдакцыяй Katolik.life

Жыхарка Масквы, пенсіянерка Наталля расказала ў сацсетках пра свае ўражанні ад нядаўняй паездкі ў Беларусь. 5 чэрвеня яна распаўсюдзіла відэа з аднаго з каталіцкіх храмаў. Як сцвярджае турыстка, яе прымусілі выйсці з касцёла — за здымкі падчас святой Імшы.

Па агульнапрынятых правілах, турыстам у храмах нельга рабіць здымкі падчас службы, але можна гэта рабіць у перапынках паміж Імшамі.

На відэа, якое расіянка зрабіла патаемна, бачны храм, у якім ідзе служба, і чутная лаянка пенсіянеркі з мужчынам, які, мяркуючы па ўсім, патрабаваў перастаць здымаць.

«Я не здымала людзей, якія маліліся, а накіравала свой мабільнік на калону будынка. Мне падалося дзіўным, што ў краіне, дзе дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца руская і беларуская, пропаведзь у касцёле вядзецца на польскай мове. Я хацела запісаць незразумелую мне польскую прамову ў якасці доказу гэтага», — патлумачыла свае матывы расійская турыстка.

Паводле слоў жанчыны, яе «ў грубай форме выганяў з касцёла ахоўнік з польскім акцэнтам за тое, што быў уключаны на запіс мабільны тэлефон».

Жанчына лічыць, што «гэта была агрэсія на рускую турыстку»:

«Тое, што я руская, было відаць адразу. Многія ў касцёле маліліся на каленях, і ўжо ўсе — са складзенымі малітоўна рукамі. Адна я ў руках трымала мабільнік, але не стаяла за канатамі каля дзвярэй (месца для турыстаў), а «нахабна» далучылася, хоць і не на пярэднія лавы, але да мясцовых. Гэта пачутая мной фраза з абвінавачвання парафіянкі-полькі ў мой адрас ахоўніку».

Турыстка піша, што яна не толькі не пакінула храм, але і «сама стала шантажаваць ахоўніка», што «даложыць на яго куды трэба»:

«Пасля таго як да «дыспуту» далучыўся яшчэ адзін злы беларус-парафіянін польскага разліву, ахоўнік зноў пачаў патрабаваць, каб я пакінула памяшканне».

Завяршылася ўсё тым, што да расіянкі падышла «пажылая парафіянка — таксама полька па паходжанні, унучка нейкага ксяндза»:

«Яна за мяне стала актыўна, але мякка заступацца, чым моцна мяне здзівіла. Потым мы выйшлі з ёй разам з касцёла і балбаталі не менш за гадзіну. Вельмі мне яе шкада, калі шчыра».

Katolik.life не дае спасылку на гэтыя паведамленні, бо ў сваіх апавяданнях пра тур у Беларусь расіянка выкарыстоўвае выразы, якія можна палічыць абразамі і распальваннем варожасці.

У цэлым турыстцы, якая на сваіх старонках пазіцыянуе сябе як прыхільніцу «СВО», у Беларусі спадабалася. Але, акрамя касцёла, негатыўна яна адгукнулася таксама пра сілавікоў, якія патрабавалі, каб яна пакінула гатэль праз праверку паведамлення аб мініраванні.

Таксама яна засталася незадаволеная адносінамі з жыхарамі Беларусі, большасць якіх, паводле яе слоў, «моцна недалюбліваюць» уладу.

На 104-м годзе жыцця памерла сястра Цэцылія Абухоўская

У Гродне пабудуюць касцёл з рэдкім для Беларусі нябесным заступнікам

У Вілейскім раёне святар вымушаны клапаціцца пра катоў, якія засталіся ад памерлай прыхаджанкі

На якой машыне ездзіць мітрапаліт Юзаф Станеўскі

Nashaniva.com