Вучоныя стварылі для людзей рабатызаваны шосты палец
Чым ён можа дапамагчы?
06.06.2024 / 16:38
Фота: сайт Кембрыджскага ўніверсітэта
Як паведамляецца на сайце Кембрыджскага ўніверсітэта, ягоныя вучоныя распрацавалі «трэці вялікі палец». Ён мацуецца на кісці рукі і з'яўляецца па сутнасці шостым пальцам. Распрацоўшчыкі праверылі яго функцыянальнасць на добраахвотніках. Пра вынікі яны паведамілі ў часопісе Science Robotics.
У выпрабаваннях узялі ўдзел 596 чалавек ва ўзросце ад 3 да 96 гадоў. З іх у 98% атрымалася паспяхова карыстацца «трэцім вялікім пальцам». Як заўважаюць брытанскія вучоныя, у дзяцей да 11 гадоў справіцца з задачай атрымлівалася горш за іншых.
«Трэці вялікі палец» носіцца на баку рукі, дзе знаходзіцца мезенец, і кантралюецца датчыкамі ціску, якія знаходзяцца пад вялікімі пальцамі нагі. Калі карыстальнік націскае на датчык, «робапалец» цягнецца ўверх. Ступень руху прапарцыянальная прыкладзенаму ціску. Паслабленне ціску вяртае прыладу ў зыходнае становішча.
Вучоныя адзначаюць, што выкарыстанне разнастайных пераносных матарызаваных прыладаў, такіх як экзашкілеты альбо дадатковыя рабатызаваныя часткі цела, — новая сфера будучых тэхналогій. Яны дазволяць вывесці рухальныя здольнасці людзей за межы біялагічных абмежаванняў.
У той жа час «трэці вялікі палец» можа быць асабліва каштоўным для людзей, якія страцілі руку і з цяжкасцю спраўляюцца з паўсядзённымі задачамі. Аўтары падкрэсліваюць важнасць распрацоўкі прылад, якія былі б адначасова функцыянальнымі і простымі ў выкарыстанні.
«Тэхналогіі мяняюць само наша вызначэнне таго, што значыць быць чалавекам», — напісалі яны ў сваім артыкуле. «Машыны ўсё часцей робяцца часткай нашага паўсядзённага жыцця і нават нашага розуму і цела».
Найноўшы экзашкілет ад German Bionic дапамагае медычным работнікам падымаць пажылых пацыентаў
Гэты рабатызаваны экзашкілет зможа забяспечыць чалавеку звышчалавечую раўнавагу
Што зрабіць, калі ў цябе лега-рука? Вядома, лега-кубачак да яе!