Пад Чавусамі знайшлі жанчыну, якую 20 гадоў таму суд… абвясціў памерлай

Яна ўвесь гэты час жыла з пашпартам СССР

06.06.2024 / 13:16

Міліцыя знайшла ў Чавускім раёне жанчыну, якая 20 гадоў лічылася памерлай паводле рашэння суда, паведамляе прэс-служба пракуратуры.

У лютым 2024 года супрацоўнікі міліцыі ў Чавускім раёне знайшлі жанчыну, якая пацвердзіла асобу пашпартам грамадзяніна СССР. Беларуска нарадзілася ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці, там жа мела рэгістрацыю.

На пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў двойчы адбывала пакаранне ў папраўчай калоніі, дзе пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не атрымлівала. З 1998 года зарэгістраванай ні па месцы жыхарства, ні па месцы знаходжання ўжо не значылася.

У 2004 годзе суд аб'явіў жанчыну памерлай. Але па заяве пракурора гэтае рашэнне было адменена. Зараз беларуска можа атрымаць новы пашпарт і афіцыйна працаўладкавацца. Падрабязнасці аб тым, як і чым жыла жанчына гэтыя 20 гадоў, не паведамляюцца.

Вядома толькі, што яна пражывае ў вёсцы Пуцькі.

Nashaniva.com