Сяргей Лаўроў стаў кавалерам ордэна Жарабца

Прэзідэнт пераходнага перыяду Буркіна-Фасо Ібрагім Траарэ ўручыў расійскаму міністру замежных спраў Сяргею Лаўрову вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны — ордэн Жарабца, паведамляе МЗС Расіі.

05.06.2024 / 23:12

Фота: МЗС Расіі

Гэтая ўзнагарода была заснаваная ўладамі Буркіна-Фасо ў 1993 годзе. Яе могуць атрымаць вайсковыя ці цывільныя асобы за «асаблівыя заслугі» перад гэтай краінай.

Сяргей Лаўроў прыбыў у Буркіна-Фасо 4 чэрвеня. Гэта першы візіт расійскага міністра ў гэтую краіну. Лаўроў анансаваў дадатковыя пастаўкі зброі для Буркіна-Фасо, назваўшы вайсковае партнёрства з афрыканскай дзяржавай «вельмі і вельмі канкрэтным і моцна прасунутым».

Гэтае партнёрства стала магчымым пасля двух дзяржаўных вайсковых пераваротаў у Буркіна-Фасо ў 2022 годзе, да якіх, як нярэдка цяпер адбываецца і ў іншых краінах рэгіёну, прыклала руку актыўная тут расійская ПВК «Вагнер».

Да гэтага Лаўроў у рамках візіту ў Афрыку наведаў Гвінею і Рэспубліку Конга. Таксама ён плануе наведаць Чад.

ПВК «Вагнер» вярбуе жыхароў Беларусі для адпраўкі ў Афрыку

Што рухае пераваротамі ў Заходняй Афрыцы?

Макрон абвясціў пра заканчэнне эпохі «французскай Афрыкі» 

Nashaniva.com