У Польшчы стварылі камісію па беларускім і расійскім уплыве

У Польшчы пачынае працаваць урадавая камісія па даследаванні беларускага і расійскага ўплыву. Пра гэта сёння абвясціў прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск падчас прэс-канферэнцыі, піша Reform.news

05.06.2024 / 15:06

Фота: канцылярыя прэм'ера Польшчы

«Камісія пачне працу ўжо сёння», — сказаў ён.

Туск падкрэсліў, што Камісія будзе свабодная ад палітычнага ўплыву. Яе задачай з'яўляецца даць дзяржаўным органам і грамадскай думцы ацэнку пагроз з боку Беларусі і Расіі.

«Нам вельмі важна, і як вы ўбачыце, склад камісіі гэта падтведзіць, каб Камісія была вольная ад якіх-небудзь спакусаў і інтэнцый вузкапалітычных, партыйных, каб яна прынесла нам надзейныя веды, нам — гэта значыць дзяржаўным органам і грамадскай думцы, як выглядалі ў мінулым, як сёння выглядаюць рэальныя пагрозы з боку Расіі і Беларусі. Мы ўжо ведаем, што гэтыя дзве дзяржавы, іх спецслужбы, найбольш актыўныя ў Польшчы», — сказаў ён.

Праца камісіі ахопіць перыяд з 2004 па 2024 гады. Яе працу будзе забяспечваць Міністэрства юстыцыі. Камісію ўзначаліў генерал Яраслаў Стружык, кіраўнік ваеннай контрразведкі. У склад камісіі таже ўвайшлі розныя эксперты, дэлегаваныя дзяржорганамі. Па словах Стружыка, першы справаздачу яна павінна прадставіць на працягу 60 дзён з пачатку працы.

Nashaniva.com