Лукашэнка ў Іркуцку пахваліўся, як задушыў страйк машыністаў метро ў 1995-м

Перад гэтым палітык, губернатар і мясцовы жыхар заблыталіся ў агульных знаёмых.

05.06.2024 / 13:03

Contributor / Getty Images

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Іркуцк пагутарыў з былым начальнікам Усходне-Сібірскай чыгункі Генадзем Камаровым. 

Ганаровы жыхар Іркуцка заявіў, што бываў у Мінску і ў яго там ёсць сябры, у тым ліку па прозвішчы Валадзько. У гэты момант у размову ўмяшаўся губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў — ён выказаў здагадку, што Камароў мае на ўвазе Анатоля Валадзько, былога начальніка Паўднёва-Усходняй чыгункі ў Расеі. Пенсіянер нават пагадзіўся.

Аднак Лукашэнка зразумеў, што Камароў кажа пра іншага Валадзько — Яўгена, які ўзначальваў Беларускую чыгунку ў 1990-я. З гэтай нагоды Лукашэнка раптам успомніў страйк машыністаў метро, якая прайшла ў жніўні 1995 года.

«У нас ачумелыя метро спынілі. Метро стаіцт, два мільёны горад, спёка, памятаю, больш за 30. Я выклікаю Валадзько, кажу: «Здымай машыністаў з чыгункі». А ў мяне мама працавала ў чыгунцы, яны да мяне з павагай. Ён кажа: «Ты што, Аляксандр Рыгоравіч, нашы метро не ўмеюць вадзіць».

Я кажу, што там вадзіць — сеў, і паехаў. Кажа, не паспеюць за дзве хвіліны інтэрвал. Я кажу, рабі чатыры. І мы з машыністамі, малайцы хлопцы, 60 чалавек, забяспечылі працу», — успомніў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, праз два месяцы ён убачыў з вокнаў сваёй рэзідэнцыі, як жонкі нібыта прывялі страйкоўцаў машыністаў прасіцца назад.

«Працы няма, сям'ю карміць трэба, і яны перад сабой гоняць гэтых мужыкоў да мяне прабачэння прасіць. Я кажу — добра, усё ж такі сем'і. Потым самая апора мая была», — заявіў палітык.

Забастоўка машыністаў мінскага метро адбылася 17—21 жніўня 1995 года, у цэнтры сталіцы ўзнік транспартны калапс. Лукашэнка тады абвінаваціў у арганізацыі страйку Беларускі народны фронт, а таксама амерыканскія і польскія прафсаюзы.

Лукашэнка распарадзіўся адправіць працаваць у метро машыністаў прыгарадных электрычак, ім у дапамогу прывезлі машыністаў Маскоўскага метрапалітэна. У выніку працы штрэйкбрэхераў і сілавога ціску забастоўка была спыненая. Па яе выніках з метро звольнілі не менш за 50 удзельнікаў страйку.

Nashaniva.com