74-гадовага пенсіянера з Хойнікаў асудзілі за палітыку і боепрыпасы

Сцвярджалася, што Кірэйчык «абразіў» аж 135 пасадавых асоб: супрацоўнікаў КДБ, пракуратуры, міліцыі, Следчага камітэта, Мінабароны і судовай сістэмы.

05.06.2024 / 12:02

Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разгледзеў 4 чэрвеня крымінальную справу 74-гадовага Анатоля Кірэйчыка. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў: арт. 188 КК («паклёп»), арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 391 КК («абраза суддзі альбо народнага засядацеля») і ч. 2 арт. 295 КК («незаконнае захоўванне боепрыпасаў»). Судовы працэс пачаўся 18 мая, ролю суддзі выконваў Яўген Шаршнёў, піша «Вясна».

Па даных следства, Анатоль Кірэйчык з кастрычніка 2020 года па люты 2022 года «сістэматычна размяшчаў каментары пад фотаздымкамі прадстаўнікоў улады, дзе, «не саромеючыся ў выразах, абражаў, публічна прыніжаў і ганьбіў іх гонар і годнасць». Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі боепрыпасы. Пенсіянер расказаў следчым, што калекцыянаваў іх.

Раней сцвярджалася, што Кірэйчык «абразіў» аж 135 пасадавых асоб: супрацоўнікаў КДБ, пракуратуры, міліцыі, Следчага камітэта, Мінабароны і судовай сістэмы і напісаў 1500 каментароў.

У выніку суд прызначыў тры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых (4000 рублёў).

Судом таксама вырашана пытанне аб спагнанні з абвінавачанага на карысць пацярпелых маральнай шкоды.

Стала вядома, з-за чыйго даносу апынулася за кратамі 75-гадовая бабруйчанка

Самыя пажылыя палітвязні — хто яны і за што іх арыштавалі

Адсутнасць ныркі, пухліна ў галаве, рак. Хто з беларускіх палітвязняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем

Nashaniva.com