Былыя палітвязні пераадкрываюць бар — тыя самыя «Банки-Бутылки» якія закрылі пасля выканання там песні «Океан Ельзи»

Мінскі бар «Банки-бутылки» аказаўся пад увагай сілавікоў пасля канцэрту там у жніўні 2022 года. На ім спявачка Мэрыем Герасіменка выканала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи», пасля чаго яе затрымалі, як і ўладальнікаў бара Андрэя і Марыю Жукоў. Цяпер стала вядома, што гэты ж бар зноў адкрыюць, але ў Варшаве.

05.06.2024 / 11:34

«Мы адраджаем той самы мінскі бар», — напісаў у сваім інстаграме юрыст Ілля Салей, таксама былы палітвязень. Ён стаў адным з партнёраў у справе перазапуску разам з Мэрыем і сям’ёй Жукоў, а таксама іншымі «непублічнымі асобамі».

Новая-старая ўстанова адкрые свае дзверы ўжо ў гэтым месяцы пад шыльдай «Buns&Bottles». Каманда запрашае падпісвацца на іх інстаграм, каб не прапусціць дакладны анонс.

Нагадаем, пасля затрымання за выкананне песні спявачку Мэрыем двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.

20 студзеня 2023 года ёй прысудзілі тры гады «хатняй хіміі». А ў студзені 2024 года стала вядома, што «Байсол» эвакуіраваў дзяўчыну з Беларусі.

Андрэй Жук і ягоная жонка Марыя тады таксама атрымалі «хатнюю хімію».

Ілля Салей, будучы адвакатам Марыі Калеснікавай, таксама прайшоў праз турму: яго затрымалі 9 верасня 2020 года. Ён праходзіў падазраваным па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У красавіку 2021 года меру стрымання Салея змянілі з хатняга арышту на заклад. Пазней ён выехаў з Беларусі.

Nashaniva.com