«Як варыянт — гніе сметнік». Моцна смярдзіць не толькі ў Лошыцы, але і ў Шабанах
У службе 115 заяўку прымаць адмовіліся.
04.06.2024 / 16:01
Фота: «СБ»
Мінчукі працягваюць скардзіцца на непрыемны пах паветра. Праблема назіраецца не толькі ў раёне Лошыцы — скаргі паступаюць і ад жыхароў Шабаноў.
У раёне вуліцы Ротмістрава адчуваецца моцны пах каналізацыі, піша Onliner.
«З'яўляцца ён пачаў дзесьці месяц таму, як толькі пацяплела. Не ведаю, як ідуць справы днём, калі я на працы, але калі прыязджаю дадому (а гэта каля 6-й гадзіны вечара), пах адчуваецца. Узмацняецца ён да 8-й вечара, даводзіцца зачыняць вокны. А вось раніцай паху, як правіла, няма. Пры гэтым служба 115, куды я тэлефанавала, адмовілася прымаць заяўку», — расказала жыхарка раёна.
Жыхары Лошыцы мяркуюць, што праблема можа быць звязаная са сметнікам на МКАД.
«Дакладна не гной. Можа, нейкія іншыя ўгнаенні. Як варыянт: гніе сметнік каля МКАД. Ці, можа, з гарбарнага завода ў Гатава нясе. Ды і ачышчальныя збудаванні ў Шабанах могуць даваць такое амбрэ», — расказала іншая жыхарка Мінска.
Напярэдадні дырэктар па будаўніцтве «Мінскводаканала» Кірыла Антонаў паабяцаў, што ўжо ў 2024 годзе пачнецца рэканструкцыя Мінскай ачышчальнай станцыі, размешчанай у Шабанах.
Каментуючы праблему чысціні паветра, Антонаў адзначыў, што тэхналогія ачысткі такая, што вада працяглы час знаходзіцца ў адкрытых басейнах вялікай плошчы. Паводле яго слоў, спецыфічны пах пры наяўнасці ветру можа дасягаць горада і дастаўляць дыскамфорт жыхарам мікрараёнаў Шабаны і Чыжоўка.
Непрыемны пах у Лошыцы чыноўнікі раней патлумачылі сельскагаспадарчымі работамі.
У мінскай Лошыцы зноў смярдзіць. Што кажуць улады?
Чаму ў Мінску ў спякотныя дні моцна смярдзіць?
У сталічным доме абмежавалі доступ да кантэйнернай пляцоўкі. Чаму?