«Мы — рэакцыя на тое, што адбываецца». Як жывуць і што ствараюць брэнды, якія нарадзіліся пасля беларускіх пратэстаў
2020 год змяніў Беларусь у многіх аспектах. На фоне бурных пратэстаў у свеце беларускай моды ўзнікла новая хваля крэатыву. Група дызайнераў скарысталася момантам, каб запусціць уласныя брэнды. Яны напоўненыя духам супраціву і надзеі. Дызайнеры і сёння працягваюць кідаць выклік цяжкасцям, выкарыстоўваюць сваё майстэрства, каб расказваць пра культурную самабытнасць, пераасэнсоўваючы беларускую моду ў час перамен. З прадстаўнікамі некалькіх брэндаў, якія з’явіліся пасля 2020-га, пагутарыла Palatno.
03.06.2024 / 16:29
Znivien: «Беларускі мерч — гэта маркер»
Гісторыя брэнду пачалася ў 2021 годзе. Стваральнік Уладзімір жыў у Беларусі, займаўся арт-пратэстам. Ён захацеў стварыць цішоткі са сваімі дызайнамі, але гэта было небяспечна ў беларускіх умовах. Так Уладзімір звязаўся з сябрам Паўлам, які на той момант жыў у Польшчы. Яны разам прыдумалі назву брэнду «Жнівень» і пачалі прадаваць цішоткі.
«Першы дызайн — гэта чырвоны прастакутнік на белым фоне, а не Make Belarus Zaebis Again, як многія думаюць. Першапачаткова мы нарадзіліся з пратэсту, мы — рэакцыя на тое, што адбываецца ў Беларусі, таму натхняюць нас відавочна людзі, якія ідуць супраць сістэмы, і не толькі ў Беларусі», — адзначае Уладзімір.
Праца над развіццём брэнду дагэтуль займае ўвесь вольны час заснавальнікаў. Па словах Уладзіміра, кожны з тых, хто ўдзельнічае ў працы, укладае свой прафесіяналізм: продаж, маркетынг, вядзенне бізнэсу і гэтак далей. Уладзімір удакладняе: «Калі казаць больш рамантычна і прыземлена, то ўкладваем і часцінку Беларусі».
Цішотка «Мой родны кут». Фота: Жнівень
Цішотка Make Belarus Zaebis Again. Фота: Жнівень
Цішотка «Беларус беларусу беларус». Фота: Жнівень
Для заснавальніка «Жніўня» стандартная беларуская мода бачыцца ў будучыні такой, якой яна ёсць сёння. Галоўнае адрозненне — тэндэнцыя на нацыянальнае. Разам з тым дызайнер падкрэслівае, што беларусам трэба абавязкова насіць яркія рэчы:
«Кожны беларус абавязаны мець у гардэробе яркую рэч. Гэта ружовая кепка, салатавыя штаны і нават якая-небудзь леапардавая куртка».
Нягледзячы ні на што, беларускія брэнды папулярныя за мяжой. Асноўныя кліенты «Жніўня» — маладыя беларусы ў эміграцыі. Па словах стваральніка, брэнд расказвае не толькі пра адзенне, а яшчэ і пра самавыяўленне.
«У эміграцыі адчуваецца туга па дому. Тут беларускае — твая сувязь з родным краем, з тымі людзьмі, што засталіся. Беларускі мерч — гэта маркер: «О, беларус!». Купляць беларускі мерч варта па дзвюх прычынах: калі хочаш невялікую сувязь з радзімай і калі хочаш падтрымаць беларусаў».
Самая папулярная рэч сярод пакупнікоў — цішотка з надпісам Make BelarusZaebis Again. Спачатку гэта была толькі карцінка ў Instagram, а пасля яе вырашылі надрукаваць. Стваральнікі падкрэсліваюць, што сувязі з Дональдам Трампам у іх брэнда няма: «Мы яго не любім, нам ён не падабаецца, а яго вядомую фразу «make нешта чымсьці again« выкарысталі за лаканічнасць і простасць». Продажы цішоткі з гэтым надпісам складаюць 70% продажаў ад усіх астатніх прынтаў, кажуць стваральнікі.
У «Жніўня» ёсць шэраг ідэй наконт наступных адзінак адзення, магчымыя калабарацыі.
PRALIŬ: «Наша адзенне носяць не толькі беларусы, але палякі, немцы, амерыканцы»
Гэты брэнд пачаўся з трох чалавек — казахстанца Дзяніса, беларусаў Жоры і Паўла. Адзін са стваральнікаў брэнда, Дзяніс, яшчэ да заснавання брэнду займаўся рознымі бізнэс-праектамі. Пасля пераезду ў Польшчу ў яго асяроддзі з’явілася шмат беларусаў. Паступова Дзяніс стаў паглыбляцца ў беларускую культуру, традыцыю і мову.
«Мяне вельмі цікавіла тое, што пра Беларусь я так мала чуў. Калі з’явіўся мой хлопец Жора з Беларусі, адзін з заснавальнікаў брэнда, захацелася падарыць яму байку з беларускім арнаментам, вышытым тым колерам, што і сама байка».
Так і пачалася гісторыя «Праліва»: гэта была першая калекцыя баек «Вогнішча». Першую калекцыю, як і ўсе наступныя, стваральнікі звязвалі адпаведным гістарычным сэнсам. «Вогнішча» асацыіруецца з гісторыяй смерці Кастуся Каліноўскага, а калекцыя цішотак «Жыве» мае палітычны кантэкст. Стваральнікі ўкладалі ў «Праліў» многія сэнсы — барацьбу з забаронамі, пратэст, любоў да Беларусі.
Фота: praliu
Фота: praliu
Фота: praliu
«Мы хацелі стварыць брэнд адзення, якое камфортна было б насіць. Аднак пры гэтым дэталі адзення нашы кліенты маглі б адчуваць, заяўляць з гонарам, што яны з Беларусі. Вядома, у міжнародных рамках гэта яшчэ і прамоцыя беларускай культуры. Наша адзенне носяць не толькі беларусы, але палякі, немцы, амерыканцы».
Асноўныя кліенты «Праліва» — маладыя людзі. Брэнд асацыюе сябе з домам, сям’ёй і сябрамі:
«Насіць беларускія брэнды трэба, каб не страціць сябе і памятаць, чаму мы знаходзімся ў дадзены момант там, дзе знаходзімся».
Самы папулярны прадукт у «Праліва» — цішотка «Жыве». Прататып гэтай цішоткі падарыла адна са знаёмых стваральнікаў свайму мужу, а яны прапанавалі дапрацаваць дызайн і выпускаць у рамках калекцыі. За мінулы год прадалі каля 200 штук такіх цішотак.
«Першапачаткова ў брэнд мы ўкладалі, з майго боку, — каханне да майго мужа-беларуса і любоў да майго сябра, з якімі мы сумесна робім справу, — расказвае Дзяніс. — Ужо пасля вырашылі, што наш брэнд — гэта пра тое, што кожны беларус павінен адчуваць гонар за тое, што ён беларус. Новыя калекцыі з’яўляюцца праз нашы асабістыя гісторыі, парывы звязаць новую калекцыю з нашым досведам, гістарычным і культурным кантэкстам».
Цяпер «Праліў» працуе над новай калекцыяй, якая будзе паказваць сувязь беларусаў з прыродай.
Proekt_Etika: «Калі грамадства не свабоднае, то і мода не можа быць свабоднай»
Стваральніца Воля не называе Proekt_Etika брэндам.
«Брэнд — гэта штосьці маштабнае, нешта з гісторыяй і вялікай камандай. Я працую адна і толькі тры гады. З часам, магчыма, гэта стане брэндам, а пакуль што — проста праект».
Праект пачаўся з цікавасці Волі да тэм экалогіі, экалагічных праблем. Калі раней жанчына бяздумна пакупала адзенне, то пазней звычкі пачалі змяняцца, і яе выбар адзення таксама. Воля называе сваю працу падарункам, які вельмі прыемны сэрцу.
«Я ўкладваю ў працу ідэі. Першая ідэя — гэта ідэя экалагічнай моды. Другая ідэя — пераасэнсаванне беларускіх традыцый, бо мне важна, каб мая праца ззяла».
Фота: Proekt_Etika
Што тычыцца беларускай сучаснай моды, то жанчына бачыць яе беларускай і роднай. Яна лічыць, што мода павінна быць заснаваная на чымсьці беларускім, каб яна была больш свабоднай. Па яе словах, працэсы ўнутры краіны ўплываюць і на моду:
«Яны яе забіваюць, таму што мода — сацыяльны канструкт. Калі грамадства не свабоднае, то і мода не можа быць свабоднай».
«Праект Этыка» ў асноўным абіраюць маладыя людзі. Стваральніца кажа, што хоча, каб «Этыку» асацыявалі са шчырасцю. Некаторыя рэчы, якія робіць стваральніца Воля, прадаюцца ў адным экзэмпляры. А штосьці паўтараецца, напрыклад, каралі або вышыўка.
«На новыя дызайны натхняе ўсё вакол: людзі, якія побач ці якія далёка, прырода, мода, эка-тэхналогіі, беларускія традыцыі, гісторыі эмігрантаў. Нядаўна мне задалі такое ж пытанне, і я адказала, што мяне натхняе кошт на арэнду жылля. Мусіць, гэта быў самы сумленны адказ».
Фота: Proekt_Etika
Фота: Proekt_Etika
На думку Волі, беларускія брэнды трэба падтрымліваць, бо так мы абіраем сваё мастацтва. Часам гэта мастацтва цяжка захаваць, як і культурны код беларусаў.
«Гэта вельмі круты спосаб паказаць грамадству, што ты беларус, і што ты ганарышся гэтым».
Як камбінаваць рэчы з нацыянальнымі матывамі з сучаснымі? Ідэі ад модных беларусак і беларусаў
Антон Долін распавёў, навошта надзеў цішотку з літарай Ў
Майткі з дзяржаўным гербам? Што звязанае з Беларуссю прадаюць у сусветных інтэрнэт-крамах