Памятаеце камуніста Цюхая, адыёзнага функцыянера БРСМ? Яго судзяць за здраду дзяржаве — да 25 гадоў зняволення
У 2020 годзе ён дапамагаў міліцыі патруляваць вуліцы, каб лавіць удзельнікаў пратэстаў.
04.06.2024 / 16:28
Уладзімір Цюхай у 2020-м. Фота АНТ
Уладзіміру Цюхаю 37 гадоў. Ён скончыў прыватны ВНУ — Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва.
Першую вядомасць Цюхай атрымаў у 2008-м. Тады ён быў сакратаром мінскай камуністычнай партыі і супрацоўнікам БРСМ. Дзеля таго, каб сваякі і паплечнікі палітвязня Аляксандра Баразенкі не маглі прайсці на суд, ён цалкам забіў залу студэнтамі мінскіх ВНУ. У адказ на абурэнне маці палітвязня ён штурхнуў яе так, што яна ўпала на рукі мужа. Аніякай адказнасці за гэта не панёс.
Пазней Цюхай балатаваўся ад Камуністычнай партыі ў дэпутаты. Перад выбарамі Лукашэнкі ў 2010-м яго спачатку запрасілі ў Усебеларускі народны сход, пасля ён удзельнічаў у складзе выбарчай камісіі. У інтэрв'ю, якое ён даў перад выбарамі, Цюхай распавядаў пра тое, што яны «дэмакратычныя і празрыстыя», а «так званыя прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі толькі ліюць бруд на сваю краіну». У перамозе Лукашэнкі ён не сумняваўся.
Уладзімір Цюхай. Фота: «Чырвонае ТВ»
Падзеі 19 снежня 2010 ён назваў «правакацыяй п'яных малойчыкаў, якіх вялі палітычныя банкруты». Брутальны разгон Плошчы і рэпрэсіі, якія адбыліся пасля, Цюхай горача падтрымаў.
У 2013-м Цюхай зноўку аскандаліўся. Жодзінскія лаўцы педафілаў сцвярджалі, што злавілі яго на жыўца, калі вялі перапіску ад імя 15-гадовага хлопца, які запрасіў функцыянера БРСМ на «гарачую ноч». Пры сустрэчы ў Цюхая пры сабе быццам знайшлі інтымную змазку і прэзерватывы. Сам ён гэта адмаўляў.
Пасля Цюхай на нейкі час знік з радараў.
Вядома, што ён заняўся бізнэсам, быў дырэктарам кампаніі ЦВР «Кастрычніцкі» і ААТ «Выдавецкі дом «ВіАлВі»». Першая займаецца стварэннем сайтаў і праграмаў для дзяржорганаў, а таксама ўпісалася ў грантавы дзяржаўны праект па папулярызацыі ўнутрыбеларускага турызму «Прысталічча» і стварыла праграму «QR-гід», карту турыстычных славутасцяў Беларусі.
Уладзімір Цюхай. Фота: exportofby.com
Другая стварае каталог беларускіх бізнэсаў Exportofby і календары «Зямля беларуская».
Праўда, і «грамадскую працу» Цюхай не кінуў. Напрыклад, ён узначальваў Каардынацыйную раду грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый і прафсаюзаў Кастрычніцкага раёна Мінска. Таксама кіраваў саветам грамадскага пункта аховы правапарадку (гэта славутыя «дружыннікі»), удзельнічаў у дзейнасці мясцовых органаў самакіравання.
Уладзімір Цюхай (у цэнтры) святкуе 100-годдзе са дня заснавання БССР
У 2020-м мужчына дапамагаў міліцыі патруляваць вуліцы. Ён жаліўся тэлеканалу АНТ, што «не можа выйсці з сям'ёй на вуліцу ў нядзелю». Таму, маўляў, ён і яшчэ дзевяць яго прыяцеляў уступілі ў дружыны, каб «адсочваць, ці не праходзіць недзе несанкцыянаванае мерапрыемства».
Пасля Цюхай выступаў на розных дыялогавых пляцоўках і праўладных мерапрыемствах, прадстаўлялі яго як «палітолага». Паўдзельнічаў ён і ў ВНС у 2021-м. Апошняя ўзгадка пра яго, якую мы адшукалі — выступ у 2022-м годзе.
Уладзімір Цюхай (па цэнтры) на круглым стале па праекце «Прысталічча». Фота: rstk.by
Ва «Укантакце» Цюхай быў апошні раз анлайн у ліпені 2022 года. Яго тэлефонны нумар, якім ён карыстаўся ўсё дарослае жыццё, неактыўны.
Дата яго арышту і сэнс выстаўленых абвінавачванняў невядомыя.
У жніўні 2023 года партнёры Цюхая па выдавецкім доме «ВіАлВі» звярталіся ў суд, каб прымусіць яго зрабіць нейкія змены ў статутныя дакументы кампаніі. Чым скончыўся працэс, невядома, як і незразумела, ці на той момант Цюхай ужо быў у зняволенні.
Так ці іначай, 21 чэрвеня 2024 года былога функцыянера БРСМ і Кампартыі пачнуць судзіць па дзвюх частках артыкула «Здрада дзяржаве», а таксама ў «прымусе асобы да ўдзелу ў злачыннай дзейнасці з прымяненнем гвалту або знішчэннем маёмасці».
Незразумела, ці ёсць у справе палітычны складнік. Агулам Цюхаю пагражае да 25 гадоў калоніі.
Падобна, двух топ-чыноўнікаў з Мінфіна і Мінтранса судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»
Першага намесніка кіраўніка Белчыгункі арыштавалі з $1 мільёнам хабару
За буйны хабар судзяць дырэктара «Мінскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС