Краўцоў паспрачаўся з Усавым: «Расійскія інвестыцыі — супер. Каму яны не падабаюцца?»
У новым выпуску ток-шоу «Мне таксама не падабаецца» абмяркоўвалі пытанне, ці варта Беларусі сябраваць з Расіяй.
03.06.2024 / 13:15
Павел Усаў і Іван Краўцоў
Пытанне расійскіх інвестыцый выклікала спрэчку паміж кіраўніком Варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу Паўлам Усавым і сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым.
Па словах Краўцова, расійскія інвестыцыі ў Беларусь, гэта «супер»:
«Я не ведаю, каму яны не падабаюцца. Нам, магчыма, не падабаюцца паводзіны людзей (расіян — «НН») на вуліцы. Гэта зразумела. Але калі да нас прыходзяць інвестыцыі… Любыя інвестыцыі трэба прымаць. І з Сярэдняй Азіі, і з Еўропы і з Брытаніі».
Адносна заўвагі пра тое, што ў нагрузку да гэтых інвестыцый ідуць і спецыфічныя адносіны да беларусаў, Краўцоў заўважыў:
«Нічога. З часам пройдзе».
У сваю чаргу Усаў выказаў думку, што рост расійскага ўплыву ў Беларусі праз інвестыцыі прывядзе да таго, што «пасіянарыі з Беларусі ўвогуле з'едуць» і «пабудаваць новую Беларусь проста не будзе каму. Яна стане субкалоніяй Расіі. Квазіпрыднястроўем».
З Усавым не пагадзілася прысутная ў студыі лідарка «Моладзевага наступу» Лізавета Пракопчык:
«У нас заўсёды было шмат расійскіх кампаній. І ніколі нікому яны не заміналі. Усе, наадварот, хадзілі і працавалі [ў іх]».
На што Усаў адказаў: «У нас было шмат расійскіх кампаній, бо не было еўрапейскіх. З прычыны таго, што мы былі ў саюзе з Расіяй — эканамічным, палітычным, стратэгічным. З высокімі эканамічнымі рызыкамі. Што прывяло да таго, што еўрапейскія кампаніі не хацелі інвеставаць».
У якасці прыкладу Усаў згадаў няўдалую спробу пабудовы ў Беларусі завода «Форд», прыцягнення еўрапейскіх інвестыцый на «Мотавела».
«Тут дакладна Расія не вінаватая, таму што заводы «Белвел» былі ў Расіі спакойна. Гэта, значыць, не ў Расіі праблема», — заўважыў Краўцоў.
«Ну так, зразумела, не ў Расіі», — пагадзіўся Усаў, каб скончыць дыскусію.
Усаў: Беларусы не галасавалі за тое, каб Ціханоўская ездзіла па свеце і сустракалася невядома з кім
Краўцоў: Казаць «хочацца, каб Расія распалася»… Для мяне гэта гучыць дзіўна