Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага вытворцы солі

У канцы мая Польшча ўвяла абмежаванні супраць кампаніі «Мазырсоль». Падрабязнасці даведалася выданне «Беларусы і рынак».

03.06.2024 / 08:43

Мазырсоль

Варшава вырашыла замарозіць актывы і выключыць аднаго з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў харчовай солі з дзяржаўных закупак. У абгрунтаванні гаворыцца, што «Мазырсоль» уваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белдзяржхарчпрам», які з'яўляецца арганізацыяй, падведамаснай ураду.

Улады Польшчы заявілі, што санкцыі супраць ААТ «Мазырсоль» знізяць экспартныя магчымасці кампаніі, а значыць, паўплываюць на аб'ём сродкаў, якія пералічваюцца ў беларускі бюджэт.

Як адзначае выданне, у канцы 2023 года з ініцыятывай увесці санкцыі ў дачыненні да беларускіх вытворцаў паваранай солі выступілі галіновая некамерцыйная арганізацыя «Польская соль» і польская кампанія Ciech. На іх думку, кампаніі з Беларусі складаюць сур'ёзную канкурэнцыю польскім вытворцам. У 2021 годзе на рынак ЕС паступіла паваранай солі з Беларусі на 22 млн еўра, у тым ліку ў Польшчу было завезена прадукцыі на 5 млн еўра. У 2022-м аб'ёмы экспарту солі з Беларусі ў ЕС упалі да 10 млн еўра.

Nashaniva.com