Чаму Лукашэнка столькі гадоў трымае прэс-сакратаркай Наталлю Эйсмант?

І ці бліжэй яна да яго за Качанаву? Пра гэта палітолаг Юрый Дракахруст разважае ў новым выпуску ТОКу.

03.06.2024 / 07:00

Наталля Эйсмант. Фота: «Наша Ніва»

На пытанне, чаму Лукашэнка шмат гадоў не мяняе Наталлю Эйсмант на пасадзе прэс-сакратаркі, Юрый Друкахруст заўважыў, што яна хоць і адыгрывае важную ролю ў атачэнні Лукашэнкі, але не ўплывае на прыняцце самых важных рашэнняў.

Лукашэнка, відаць, лічыць, што яна працуе даволі эфектыўна, «яна нічога не заваліла», заўважае палітолаг.

Юрый Дракахруст. Скрын відэа TOK_talk / YouTube

Дракахруст адзначае, што Эйсмант мае дачыненне да кіравання «медыйнай машынай», дае «канкрэтныя распараджэнні на СМІ», а не проста абслугоўвае інфармацыйныя патрэбы Лукашэнкі.

Калі ж разважаць пры тое, хто бліжэй да Лукашэнкі — Качанава ці Эйсмант, — то на погляд Дракахруста, у сэнсе функцыянальных абавязкаў бліжэйшая Эйсмант, але Качанава — адзін са стаўпоў рэжыму.

«Думаю, яна кожны дзень заходзіць у яго кабінет, працуе з ім вельмі шчыльна. Качанава, напэўна, не. Але Качанава, безумоўна, больш буйная фігура. Эйсмант не мае нават шанцаў стаць прэзідэнтам, а Качанава можа».

Дракахруст праводзіць аналогію з атачэннем Сталіна. «Бліжэй за ўсіх да Сталіна быў Паскробышаў — дарадца, памочнік, праз якога ішоў увесь дакументазварот. Але стаўпамі рэжыму былі Берыя, Малянкоў, Хрушчоў.

У гэтым сэнсе тая ж Эйсмант гэта хутчэй Паскробышаў — асабісты сакратар, які працуе побач. А тая ж Качанава, Галоўчанка, сілавікі, гэта ўсё ж такі стаўпы рэжыму, якія не так ужо кожны дзень да яго бегаюць. Думаю, што Качанава — адна з самых блізкіх у сэнсе стаўпа».

Глядзіце цалкам:

Гарцуева: Я была сведкай на вяселлі Эйсмант. Цяпер не ведаю, ці змагу паглядзець ёй у вочы

Якія газеты Эйсмант дае чытаць Лукашэнку

«Нармальная ж была. Што з ёй здарылася?» Што Наталля Эйсмант хавае пра 2020 год

Nashaniva.com