Улады ўпершыню пацвердзілі, што знішчаюць выданні, якія абвяшчаюць экстрэмісцкімі
1 чэрвеня стала вядома, як жыхару Кобрына далі 10 сутак арышту за «распаўсюджванне экстрэмізму» — кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якая стаяла ў яго дома ў шафе. Сяргей Навумчык звярнуў увагу — дзяржава ўпершыню афіцыйна пацвердзіла, што знішчае такія кнігі.
02.06.2024 / 15:17
У банку судовых рашэнняў, з якога і стаў вядомы гэты факт, утрымліваецца таксама такая інфармацыя: «Таксама суд прызнае беспадстаўнымі довады А. пра тое тым, што кніга <…> не зʼяўляецца экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй, паколькі рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска ад 18 кастрычніка 2022 года яна не ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а ўключана другое яе выданне, якое можа не адпавядаць першаму выданню, канфіскаванаму ў яго па месцы жыхарства.
Гэты довад абвяргаецца звесткамі выдавецтва НПК Т., паколькі на выкананне рашэння суда Цэнтральнага раёна г. Мінска ад 18 кастрычніка 2022 года было знішчана як другое, так і першае яе выданне».
«Такім чынам, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі афіцыйна (суд заявіў — куды ўжо больш афіцыйна) прызнана, што рэжым знішчае беларускія кнігі. Нейкім асаблівым сакрэтам гэта не было: звесткі пра знішчэнне кніг даходзілі то з адной, то з другой, то з трэцяй вобласці краіны. Інфармацыі хапала, каб зразумець: знішчэнне мае масавы характар», — заўважыў Навумчык.
Ён дадае, што раней вось гэтак, наўпрост афіцыйна, гэта не прызнавалася — «магчыма, не жадалі аналогіі з практыкай Гебельса, з часамі нацысцкай Нямеччыны, калі спальвалі няўгодныя кнігі — у тым ліку Брэхта, Гашэка, Горкага, Ільфа і Пятрова, Джэка Лондана, Томаса Мана, Рэмарка, Фейхтвангера, Хэмінгуэя, Цвейга, Эрэнбурга».
Навумчык таксама нагадвае Генрыха Гейнэ, словы якога высечаныя на берлінскай плошчы Бабельплац, дзе ў 1933 палілі кнігі: «Там, дзе спальваюць кнігі, пазней спальваюць і людзей».