«Заходзіў участковы, прасіў паказаць падпіскі». Яшчэ адзін прарасійскі актывіст заявіў, што яго пераследуюць за палітыку
Арцём Агафонаў кажа, што на яго напісалі данос.
02.06.2024 / 16:54
Арцём Агафонаў. Фота: сацсеткі
Прарасійскі актывіст Арцём Агафонаў распавёў, што яго спрабуюць пераследаваць сілавікі.
У артыкуле на «Палітнавігатары» пра свайго аднадумца, сталініста Мікалая Петрушэнку, які трапіў на суткі за рэпост і ледзь не памёр з-за язвы, Агафонаў расказаў, што міліцыянты цікавіліся і яго персонай.
«Пісалі такі данос і на мяне, але тады праблем удалося пазбегнуць. Хоць і не скажу, што праблемы зніклі — у панядзелак заходзіў участковы, прасіў паказаць падпіскі ў тэлеграме, фатаграфаваў тэлефон, але ніякай крамолы не знайшоў. Гэта ўжо не супадзенне, а сістэма», — адзначыў Агафонаў.
Актывіст нагадаў, што за старыя рэпосты рэсурсаў, якія ў той момант яшчэ не былі прызнаныя «экстрэмісцкімі», не так даўно судзілі прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву. Акрамя таго, чакае суда яшчэ адзін віцебскі актывіст Аляксандр Андрэйкаў.
Агафонаў вядомы як адзін з актыўных прыхільнікаў «рускага свету» ў Беларусі. У нулявыя ён быў актывістам АГП, аднак пасля анэксіі Крыма Расіяй і пачатку вайны на паўднёвым усходзе Украіны ён рэзка памяняў светапогляд і заняў бок Расіі.
Нядаўна Агафонаў уступіў у канфлікт з карэспандэнткай АНТ у Расіі Святланай Карульскай. Ён назваў супрацоўніцу тэлеканала «сістэмнай нацыяналісткай» і абвінаваціў яе ў «нянавісці да расійскіх жаўнераў». Карульская ў адказ звярнулася ў суд.
Працэс скончыўся мірным пагадненнем, але Агафонаў застаўся вінен амаль 4 тысячы рублёў адвакату Карульскай. Актывісту давялося прасіць дапамогі ў чытачоў.
Сталіністу Петрушэнку далі 10 сутак. На сёмыя суткі ў яго адкрылася прабадная язва
Пасля суда за экстрэмізм сталініст Петрушэнка канчаткова выдаліў усе свае інтэрнэт-запісы
Сталініст з Талачынскага раёна абурыўся практыкай, за якую ў Беларусі асудзілі тысячы чалавек
«Што ў нас адбываецца?» Прарасійская актывістка Мірсалімава зноў распавяла пра палітычныя затрыманні
Прарасійскі актывіст Агафонаў збірае грошы, каб расплаціцца з адвакатам карэспандэнткі АНТ